Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 сакавіка 2018, 12:08

У беларускай арміі служаць больш за 4 тыс. жанчын

7 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У беларускай арміі цяпер служаць больш за 4 тыс. жанчын, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве абароны.

"Сёння ў краіне няма сферы дзейнасці, дзе жанчыны не адыгрывалі б важнай ролі. Значны ўклад уносяць нашы жанчыны ў забеспячэнне ваеннай бяспекі дзяржавы, праходзячы ваенную службу ў складзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Цяпер у беларускай арміі служаць больш за 4 тыс. жанчын. Прычым звыш 600 з іх носяць афіцэрскія пагоны, больш за 1 тыс. з'яўляюцца прапаршчыкамі і больш за 2,3 тыс. праходзяць службу па кантракце на пасадах салдат і сяржантаў", - расказалі ў ведамстве.

У Мінабароны адзначылі, што напярэдадні Дня жанчын ва ўсіх воінскіх калектывах пройдуць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтаму святу.

"Пераважная большасць афіцэраў-жанчын праходзяць службу на пасадах ваенных урачоў, псіхолагаў, перакладчыкаў, юрыстаў і связістаў. Але іх службовая дзейнасць не абмяжоўваецца толькі гэтымі спецыяльнасцямі. Пералік ваенна-ўліковых спецыяльнасцей афіцэрскага складу Узброеных Сіл, які дзейнічае цяпер, прадугледжвае магчымасць праходжання жанчынамі воінскай службы на пасадах каманднага, інжынернага, тэхнічнага, ваенна-гуманітарнага, ідэалагічнага, педагагічнага і медыцынскага профіляў. Сёння ў жанчын ёсць рэальная магчымасць стаць афіцэрам. Галоўнае, каб узрост прэтэндэнтак не перасягаў 35 гадоў, а вышэйшая адукацыя была блізкая армейскай спецыяльнасці", - сказалі ў міністэрстве.

На працягу некалькіх гадоў ажыццяўляецца набор дзяўчат у Ваенную акадэмію і на ваенныя факультэты цывільных вышэйшых навучальных устаноў. На сённяшні дзень 23 дзяўчыны-курсанты праходзяць навучанне ў Ваеннай акадэміі (9 дзяўчат вучацца на авіяцыйным факультэце, 10 - на факультэце сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання і 4 - на агульнавайсковым факультэце).

Самай шматлікай у арміі па-ранейшаму застаецца катэгорыя жанчын, якія праходзяць службу на пасадах салдат і сяржантаў. Іх прыём ажыццяўляецца ў добраахвотным парадку на кантрактнай аснове.

Падрыхтоўка жанчын-прапаршчыкаў з 2003 года вядзецца і на базе 72-га гвардзейскага Аб'яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных Сіл. "У працэсе праходжання службы жанчыны карыстаюцца тымі ж правамі, што і мужчыны, нараўне з імі выконваючы службовыя абавязкі", - канстатавалі ў ведамстве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі