Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 сакавіка 2018, 18:52

У Беларусі з'явілася магчымасць здаваць жыллё на суткі па вуснай дамоўленасці

6 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Згодна з указам нумар 103, падпісаным Прэзідэнтам 5 сакавіка, у Беларусі з'явілася магчымасць здаваць жыллё на суткі па вуснай дамоўленасці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Дакументам спрашчаюцца патрабаванні да формы дагавораў аб прадастаўленні прыналежных фізасобам жылых памяшканняў, садовых домікаў і дач для кароткатэрміновага пражывання іншым фізічным асобам на гадзіны, суткі (на перыяд да 15 каляндарных дзён). "Новаўвядзенне ўказа ў тым, што гэтыя дагаворы могуць заключацца як у пісьмовым выглядзе, так і па вуснай дамоўленасці. Уласнік жылога памяшкання мае права выбіраць. Пры ажыццяўленні гэтага віду дзейнасці працуе паведамляльны прынцып, падаткі выплачваюцца ў фіксаваным памеры", - растлумачылі ў міністэрстве.

Указ нумар 103 таксама накіраваны на вяртанне адносін па прадастаўленні жылых памяшканняў для кароткатэрміновага пражывання ў прававое рэчышча, якое існавала да ўступлення ў сілу ўказа нумар 337 "Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб". "У сувязі з тым, што ўказ нумар 337 дазволіў ажыццяўляць прадастаўленне ў кароткатэрміновую арэнду жылых памяшканняў без рэгістрацыі ў якасці прадпрымальнікаў, у заканадаўстве з'явіўся прабел, паколькі норма Жыллёвага кодэкса, якая прадпісвае неабавязковасць рэгістрацыі дагавораў кароткатэрміновага найму, страціла сваё дзеянне, бо адносілася толькі да прадпрымальніцкай дзейнасці, - адзначылі ў Мінжылкамгасе. - Сумесна з Міністэрствам па падатках і зборах было вырашана ўнесці ва ўказ нумар 497 норму, якая дазваляла б вярнуцца да ранейшай практыкі - не рэгістраваць дагаворы, якія заключаюцца пры кароткатэрміновым найме. Потым вырашылі пайсці далей у лібералізацыі названых адносін - было вырашана адмяніць абавязковасць заключэння дагавора ў пісьмовай форме".

Адпаведныя змяненні ўнесены і ў Жыллёвы кодэкс, які цяпер знаходзіцца ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. "Наймадаўцы жылых памяшканняў павінны імкнуцца да добразычлівых адносін з суседзямі, прыняцця неабходных мер для камфортнага пражывання ў шматкватэрным жылым доме", - падкрэслілі ў міністэрстве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі