14 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі створаны экспертны савет па пытаннях цэн і тарыфаў. Пагадненне аб яго стварэнні і дзейнасці падпісана сёння ў Мінску паміж Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Федэрацыяй прафсаюзаў, Нацыянальным банкам і Нацыянальным статыстычным камітэтам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ініцыятарам стварэння савета выступіла ФПБ. Экспертны савет прызначаны стаць пляцоўкай для маніторынгу цэнавай сітуацыі ў краіне, паглыбленага аналізу яго вынікаў і выпрацоўкі рэкамендацый для прыняцця рашэнняў у галіне цэн і тарыфаў. Плануецца, што першае яго пасяджэнне адбудзецца ў апошняй дэкадзе мая.
Як адзначыў у размове з журналістамі старшыня ФПБ Міхаіл Орда, для дэталёвага аналізу цэн і эфектыўнай работы для папярэджання іх неабгрунтаванага росту неабходна дакладная каардынацыя дзеянняў усіх зацікаўленых ведамстваў. Ён нагадаў, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 мая ў час рабочай сустрэчы акцэнтаваў увагу на тым, што цэны застаюцца для людзей пытаннем нумар адзін, таму гэта тэма павінна знаходзіцца ў полі зроку прафсаюзаў. "Пасля сустрэчы ў кіраўніка дзяржавы ФПБ унесла прапанову аб стварэнні чатырохбаковага экспертнага савета, які перш за ўсё павінен працаваць на папярэджанне, дэталёва аналізаваць стан цэн, як яны могуць мяняцца", - сказаў Міхаіл Орда.
"Неабгрунтаваны рост цэн заўсёды б'е па кашальку людзей, уплывае непасрэдна і на ўзровень жыцця, і на дабрабыт", - падкрэсліў старшыня ФПБ. Ён дадаў, што ў эфектыўным кантролі за цэнамі зацікаўлены ўсе ведамствы, якія падпісалі сёння пагадненне.
Савет плануе збірацца не радзей як раз у месяц і працаваць максімальна празрыста, размяшчаючы інфармацыю ў адкрытым доступе.
Два гады таму ФПБ і МАРГ падпісалі пагадненне аб сумесных дзеяннях на спажывецкім рынку ў частцы маніторынгу цэн. Цяпер да гэтай работы далучацца Белстат і Нацбанк. Удзельнікі савета ўпэўнены, што гэта пасадзейнічае большай каардынацыі дзеянняў усіх зацікаўленых у пытаннях цэнавай палітыкі.-0-