Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 снежня 2015, 15:25

У Беларусі стартавала ХХ Рэспубліканская дабрачынная акцыя "Нашы дзеці"

10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі дадзены старт навагодняй ХХ Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці". Аб гэтым паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Марыя Саротнік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Штогод не толькі вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, але і банкі, грамадскія аб'яднанні, прадпрыемствы, арганізацыі і проста неабыякавыя грамадзяне наведваюць у калядныя і навагоднія святы выхаванцаў апякунскіх, прыёмных сем'яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзяцей-інвалідаў, дзяцей са шматдзетных і няпоўных сем'яў. Як адзначыла Марыя Саротнік, дзеці атрымліваюць не толькі падарункі, але, перш за ўсё, увагу і клопат. У многіх устаноў сфарміраваліся шэфскія сувязі, якія падтрымліваюцца не толькі ў перыяд акцыі. "Пачыналася ўсё ў далёкім 1995 годзе, калі кіраўнік дзяржавы зацвердзіў першы Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў, - расказала яна. - З гэтага моманту акцыя "Нашы дзеці" стала традыцыйнай, а ў гэтым годзе яшчэ і юбілейнай".

Дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" ўключае Галоўную ёлку краіны з удзелам кіраўніка дзяржавы і мерапрыемствы, якія будуць праведзены ва ўсіх выканаўчых камітэтах абласцей і раёнаў краіны, святы для дзяцей у школах-інтэрнатах, дзіцячых дамах, балі для выхаванцаў апякунскіх, прыёмных і шматдзетных сем'яў. Вядома ж, не застануцца без увагі і дзеці ў бальніцах, дзіцячых сацыяльных прытулках, спецыяльных вучэбна-выхаваўчых і лячэбна-выхаваўчых установах, цэнтрах карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. "Акцыя "Нашы дзеці", што стала традыцыйнай, дае магчымасць не толькі прыцягнуць увагу да праблем дзяцінства, але і аказаць дапамогу і падтрымку найменш абароненым катэгорыям дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівым клопаце і ўвазе дзяржавы і грамадства. Яна дае магчымасць у светлыя калядныя дні дапамагчы дзецям і раздзяліць з імі радасць чакання цуду і казкі", - сказала Марыя Саротнік.

У адпаведнасці з пастановай урада акцыя праходзіць з 10 снежня 2015-га да 10 студзеня 2016 года, аднак сустрэчы і дзіцячыя святы запланаваны яшчэ і на 13 і 14 студзеня надыходзячага года. Юбілейная акцыя захавала добрыя і правераныя часам традыцыі. Для наведвання прапанаваны 130 сацыяльна значных аб'ектаў, у якіх выхоўваюцца больш як 12 тыс. дзяцей.

Марыя Саротнік расказала, што па выніках мінулай акцыі дзіцячыя ўстановы атрымалі матэрыяльную дапамогу, абсталяванне і падарункі на суму Br5 млрд 705 млн. Яна расказала, што самымі актыўнымі ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі Міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў у Беларусі. З ліку грамадскіх аб'яднанняў ярка праявіла сябе РГА "Беларускі дзіцячы фонд", у 2014 годзе яго рэгіянальнымі аддзяленнямі набыты падарункі для ўсіх выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Стала традыцыйным урачыстае адкрыццё фондам дабрачыннай акцыі для выхаванцаў замяшчальных сем'яў. Дабрачыннае грамадскае аб'яднанне "Свет без межаў" штогод праводзіць дабрачыннае навагодняе свята для дзяцей-інвалідаў і выхаванцаў спецыяльных вучэбна-выхаваўчых устаноў і спецыяльнай лячэбна-выхаваўчай установы. Актыўны ўдзел прымаюць у мерапрыемствах Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі саюз жанчын, рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" і іншыя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі