Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 чэрвеня 2019, 10:54

У Беларусі штогод больш за 100 нырцоў атрымліваюць цяжкія траўмы пазваночніка

18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі штогод больш за сотню нырцоў атрымліваюць цяжкія пашкоджанні пазваночніка і спіннога мозгу, 30-40 працэнтаў з іх - у стане алкагольнага ап'янення, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік рэспубліканскага спінальнага цэнтра, загадчык нейрахірургічнага аддзялення нумар 1 РНПЦ траўматалогіі і артапедыі (РНПЦТА) доктар медыцынскіх навук Сяргей Макарэвіч.

"Пацыенты без пашкоджанняў спіннога мозгу пасля аперацыі на шыйным аддзеле пазваночніка на наступны дзень могуць самастойна хадзіць і выпісваюцца на пяты-сёмы дзень са стацыянара. У нырцоў, якія атрымалі сур'ёзныя траўмы з пашкоджаннем спіннога мозгу, абезрухоўлены верхнія і ніжнія канечнасці, і яны ў шэрагу выпадкаў самастойна не могуць дыхаць. Такія пацярпелыя знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане паміж жыццём і смерцю і доўгі час лечацца ў рэанімацыі", - сказаў Сяргей Макарэвіч.

Паводле статыстыкі, цяжкія траўмы з пашкоджаннем спіннога мозгу атрымліваюць 25-40 працэнтаў нырцоў. Тыя, хто выжывае, нягледзячы на праведзеныя аперацыі, як правіла, становяцца інвалідамі на ўсё астатняе жыццё. Нейрахірургі з РНПЦТА і абласных цэнтраў Беларусі асвоілі сучасныя тэхналогіі хірургічнага лячэння такіх пацярпелых і штогод праводзяць больш за сотню аперацый. "Калі неабходна дапамога спецыялістаў з РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, то мы выязджаем па ўсёй рэспубліцы", - адзначыў кіраўнік спінальнага цэнтра.

У летні перыяд фіксуюцца 90 працэнтаў траўмаў нырцоў. У гарачыя месяцы іх колькасць рэзка павялічваецца. 30-40 працэнтаў пацярпелых атрымліваюць такія траўмы ў стане алкагольнага ап'янення. Да нейрахірургаў трапляюць, як правіла, пасля таго, як нырнулі ў незнаёмым месцы, не вывучыўшы дно і глыбіню вадаёма, ударыўшыся галавой аб дно, каменне і карчы.

На 15 чэрвеня ў рэанімацыі НРПЦ траўматалогіі і артапедыі знаходзілася два пацыенты ў траўмамі нырца. Жонка аднаго з іх расказала, што яе муж, не праверыўшы глыбіню, пайшоў ныраць. Раней ён купаўся ў гэтым месцы, але захацеў нырнуць з дамбы. Глыбіня была ўсяго каля паўметра, а ў вадзе была бетонная пліта. Пасля ўдару мужчына імгненна перастаў адчуваць ногі, рукі, пачаў захлынацца, страціў прытомнасць. Дасталі яго з вады сваякі, зрабілі штучнае дыханне. У той жа дзень пацыента накіравалі ў рэспубліканскі спінальны цэнтр РНПЦТА, дзе адразу правялі аперацыю на шыйным аддзеле пазваночніка.

Паводле слоў Сяргея Макарэвіча, частка такіх пацыентаў з-за пашкоджання спіннога мозгу і абезрухоўлення канечнасцей не могуць выплыць і гінуць ад утаплення, калі побач няма іншых людзей.

"Пры траўмах нырца адбываюцца пераломы, вывіхі або пералома-вывіхі шыйных пазванкоў, а пры пашкоджанні спіннога мозгу настае абезрухоўленне цела і параліч канечнасцей", - адзначыў кіраўнік спінальнага цэнтра. Сутнасць аперацыі ў гэтым выпадку заключаецца ва ўпраўлянні вывіхаў, выдаленні фрагментаў зламаных пазванкоў, якія сціскаюць спінны мозг, і ўстаноўцы спецыяльных тытанавых фіксуючых канструкцый-імплантатаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі