Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 мая 2019, 09:52

У Беларусі прапануецца пашырыць паўнамоцтвы Саветаў дэпутатаў у рабоце з невыкарыстоўваемай дзяржмаёмасцю

27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі прапануецца пашырыць паўнамоцтвы Саветаў дэпутатаў у рабоце з невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасцю. Аб гэтым паведаміў першы намеснік прэм'ер-міністра, старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва Аляксандр Турчын у эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

Наступнае пасяджэнне Савета па развіцці прадпрымальніцтва адбудзецца 12 чэрвеня. На пытанне, што ўвойдзе ў парадак дня пасяджэння, якія ініцыятывы будуць абмяркоўвацца, Аляксандр Турчын адказаў: "Па маёмасных пытаннях, асабліва нерухомай маёмасці, арэндзе зямельнага ўчастка, прапануем даваць больш паўнамоцтваў Саветам дэпутатаў. Калі ёсць нейкі невыкарыстоўваемы будынак, дэпутаты могуць ацаніць, паглядзець і прыняць рашэнне - прадаць за базавую велічыню, з аўкцыёну або перадаць бязвыплатна".

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 мая падпісаў указ нумар 173 "Аб удасканаленні дзейнасці Савета па развіцці прадпрымальніцтва". Дакумент накіраваны на павышэнне эфектыўнасці работы гэтага органа і ўключэнне дзелавой супольнасці ў працэсы рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы эканомікі. Савет надзяляецца правам уносіць у дзяржаўныя органы і арганізацыі прапановы па ўдасканаленні як нарматыўных прававых актаў, так і практыкі іх прымянення. Акрамя таго, указам абноўлены персанальны склад Савета па развіцці прадпрымальніцтва. У яго ўключаны кіраўнікі і ўласнікі розных прадпрыемстваў краіны. У сваю чаргу прадстаўнікі іншых прадпрымальніцкіх саюзаў (асацыяцый) атрымаюць статус афіцыйных партнёраў, які дасць ім магчымасць прымаць удзел у рабоце савета і выконваць іншыя функцыі. "Першапачаткова нашай мэтай было крыху звузіць склад савета. Прычына простая: чым больш людзей, тым складаней збірацца. Мы сустрэліся з прадстаўнікамі буйнейшых бізнес-саюзаў і прапанавалі два варыянты развіцця падзей: ратацыя або статус афіцыйных партнёраў савета. Іх рашэнне - усе будуць афіцыйнымі партнёрамі, каб былі аднолькавыя ўмовы", - растлумачыў першы віцэ-прэм'ер.

У Беларусі адменены ўказ нумар 488 "Аб некаторых мерах па папярэджанні незаконнай мінімізацыі сум падатковых абавязацельстваў". "Наша задача, каб сёння не цярпелі добрасумленныя суб'екты гаспадарання. Мы вельмі выверана падыходзім да таго, як працаваць па 33-м артыкуле Падатковага кодэкса. Калі будуць прымяняцца нейкія меры адказнасці, неабходна, каб была 100-працэнтная доказная база і не было фармальнага падыходу", - падкрэсліў Аляксандр Турчын.

У Беларусі за 2018 год колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў павялічылася на 5 тыс., а за чатыры месяцы 2019-га - ужо на 7 тыс.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі