Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
31 ліпеня 2018, 14:05

У Беларусі плануецца ўнесці змяненні ў закон аб турызме

31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Змяненні ў закон аб турызме ўключаць у план падрыхтоўкі законапраектаў на 2019 год, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Андрэй Молчан.

"Змяненні ў закон "Аб турызме" ўжо наспелі. Цяперашняя сітуацыя дае дадатковыя аргументы для паскоранага ўнясення гэтых змяненняў, - расказаў Андрэй Молчан. - Што датычыцца Міністэрства спорту і турызму як рэгулятара, то мы са свайго боку ініцыіравалі перад урадам і парламентам унясенне змяненняў у закон "Аб турызме", гэты законапраект уключаць у план нарматворчай дзейнасці на 2019 год". Абноўленая рэдакцыя закона можа быць падрыхтавана ў першым паўгоддзі 2019 года.

Андрэй Молчан адзначыў, што аб канкрэтных навацыях, якія з'явяцца ў новым законе, пакуль гаварыць рана, яны яшчэ прапрацоўваюцца. Паводле яго слоў, сітуацыю на рынку аналізуе Рэспубліканскі саюз турыстычнай індустрыі, які ўнясе ў Мінспорт адпаведныя прапановы для разгляду.

Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Рэспубліканскага саюза туріндустрыі, прапановы па змяненні заканадаўства ў турыстычнай галіне абмяркоўваліся на пашыраным пасяджэнні праўлення саюза з удзелам рэгіянальных прадстаўнікоў на мінулым тыдні. Прынята рашэнне ўнесці ў Міністэрства спорту і турызму прапановы па карэкціроўцы закона "Аб турызме" і іншых нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць турдзейнасць, з іх далейшай дэталёвай прапрацоўкай у спецыяльнай рабочай групе, у якую ўвойдуць прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых бакоў.

Сутнасць прапаноў заключаецца ў заканадаўчай дыферэнцыяцыі нацыянальных і замежных тураператараў, заканадаўчым падзеле выязных і ўязных тураператараў, тураператараў і турагенцтваў і абавязковай сертыфікацыі турагенцкай дзейнасці. Ініцыятывы таксама датычацца правіл работы турагенцтва з тураператарамі, страхавання адказнасці тураператарскай дзейнасці, індывідуальных фінансавых гарантый для выязных тураператараў, дзейнасці гідаў-перакладчыкаў і экскурсаводаў.

Акрамя таго, на пасяджэнні Рэспубліканскі саюз туріндустрыі выступіў з падтрымкай ініцыятывы Мінспорту аб аб'яднанні бязвізавых зон Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. У якасці пілотнага праекта прапануецца прадаставіць магчымасць свабоднага перамяшчэння па ўстаноўленым калідоры паміж бязвізавымі зонамі для арганізаваных тургруп.

Змяненні ў закон "Аб турызме" ініцыіруе і Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый. У прыватнасці, саюз прапанаваў увядзенне механізмаў абавязковага страхавання адказнасці тураператараў, стварэнне дзяржаўнага страхавога фонду, размежаванне адказнасці тураператараў і турагенцтваў перад турыстамі.

Карэкціроўка заканадаўства ў сферы турызму абмяркоўваецца ў гэтым годзе на фоне сітуацыі з ануляцыяй пуцёвак расійскага тураператара "Наталі турс". Паводле інфармацыі Мінспорту, у Беларусі было прададзена каля 400 тураў, якія ў далейшым былі ануляваны. Дакладныя тэрміны выплат па гэтых пуцёўках не агучваюцца - гэта рашэнне павінен прыняць маскоўскі офіс "Наталі турс". Прадстаўнікі турбізнесу апасаюцца, што бягучая сітуацыя можа прывесці да банкруцтваў на беларускім рынку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі