Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 мая 2019, 17:07

У Беларусі магчымы змяненні ў нормах безбар'ернага доступу ў будынкі

22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва разглядае пытанне ўнясення змяненняў у нарматыўныя патрабаванні для ўладкавання пандуса без абсталявання лесвіцы, каб забяспечваць доступ усіх катэгорый грамадзян на розныя аб'екты - у будынкі арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў, жылыя дамы. Аб гэтым паведаміла сёння начальнік галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Вольга Верамей на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Цяпер Мінбудархітэктуры вядзе работу па карэкціроўцы асобных патрабаванняў і фарміраванні адпаведных змяненняў па прымяненні пад'ёмных платформ. Праектныя арганізацыі ў праектных рашэннях прадугледжваюць нахіленыя пад'ёмныя платформы, якія ў сваім транспартным становішчы (спуск/пад'ём) змяншаюць эвакуацыйную шырыню праходу па лесвічным маршы і ствараюць нязручнасці для іншых жыхароў жылога дома, - адзначыла Вольга Верамей. - Вельмі шмат звяртаецца праектных арганізацый, якія сутыкаюцца пры рамонце або рэканструкцыі з тым, што немагчыма ўстанавіць нейкія элементы. І самі інваліды часам просяць не ўключаць у праект пад'ёмную платформу, а замяніць іх пандусам. Але ў кожным выпадку робіцца ўпор на нормы, якія неабходна выконваць, нават калі гэта дорага. Міністэрства тым не менш стараецца шукаць кампраміс, узгадняе нейкія адступленні".

Арганізацыя безбар'ернага асяроддзя ўваходзіць у праграму мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады, нацыянальнага плана па рэалізацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў. У краіне зацверджана Канцэпцыя ўніверсальнага дызайну ў галіне стварэння безбар'ернага асяроддзя, удасканалены нормы ТНПА (тэхнічных нарматыўна-прававых актаў).

У лютым 2018 года зацверджаны і з 1 кастрычніка 2018 года ўведзены ў дзеянне тэхнічны кодэкс сталай практыкі "Асяроддзе для фізічна аслабленых асоб. Будаўнічыя нормы праектавання". Гэты комплексны дакумент устанаўлівае асноўныя патрабаванні, што падлягаюць абавязковаму прымяненню пры праектаванні новага будаўніцтва, а таксама рамонту і рэканструкцыі жылых і грамадскіх будынкаў, будынкаў вытворчых прадпрыемстваў, каб фізічна аслабленыя асобы (у тым ліку з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, сляпыя і са слабым зрокам, глухія і са слабым слыхам) маглі перамяшчацца самастойна, мелі ўмовы для сацыяльнай інтэграцыі. Кодэкс быў узгоднены з грамадскімі аб'яднаннямі інвалідаў.

З 1 лістапада 2018 года ўведзены кодэксы, што прадугледжваюць стварэнне элементаў безбар'ернага асяроддзя. Напрыклад, яшчэ пры праектаванні павінны забяспечвацца неабходныя памеры і канфігурацыі прасторы перад уваходным праёмам і яго шырыня, каб людзі на крэслах-калясках маглі яго пераадолець. Пандусы, пад'ёмныя ўстройствы абавязковыя і на ўваходнай групе, і пасля ўваходу для пападання на першы паверх (у залежнасці ад узроўню нахілу выбіраецца, павінен гэта быць пандус або пад'ёмнік). На ўваходах у будынкі не павінна быць турнікетаў, брамак, дзвярных палотнаў з двухбаковымі петлямі і іншых механічных устройстваў. Самі дзверы павінны адкрывацца лёгка, па магчымасці ў грамадскіх будынках лепш устанаўліваць дзверы з аўтаматычным адкрыццём. Неабходны сігнальная інфармацыя або кантрасная афарбоўка, візуальныя і тактыльныя паказальнікі на ўваходнай групе і па напрамку руху.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі