Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 мая 2017, 15:18

У Беларусі ідзе актыўны дыялог навукі і грамадзянскай супольнасці - Гусакоў

17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ідзе актыўны і жывы дыялог навукі і грамадзянскай супольнасці, заявіў сёння старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, адкрываючы навукова-практычны семінар "Філасофскія і сацыяльна-палітычныя асновы дзейнасці грамадскіх фарміраванняў у Рэспубліцы Беларусь", які праводзіць рэспубліканскі савет РГА "Белая Русь" на базе Акадэміі навук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"НАН Беларусі і "Белая Русь" не ўпершыню арганізуюць сумесныя навукова-практычныя мерапрыемствы. Гэта ўжо стала добрай традыцыяй, калі мы з вялікай зацікаўленасцю ўдзельнічаем у абмеркаванні найбольш важных праблем грамадскага, палітычнага і духоўна-культурнага развіцця нашай краіны. У Беларусі ідзе актыўны і жывы дыялог навукі і грамадзянскай супольнасці, а такія семінары сталі формай абмеркавання шэрага тэарэтычных і практычных праблем развіцця беларускага грамадства", - падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

На такіх семінарах абмяркоўваюцца розныя тэмы і праблемы - ад выхавання моладзі і ўдасканалення сістэмы адукацыі да павышэння эфектыўнасці эканомікі. "Свет імкліва мяняецца, а маладое пакаленне сёння больш мабільнае. Але ў бясконцым патоку разнастайнай інфармацыі лёгка заблудзіць, трапіць у ідэалагічную пастку, таму тут неабходны немалы вопыт, каб разабрацца, дзе хлусня, а дзе праўда. Менавіта перад грамадскімі арганізацыямі стаіць задача дапамагчы адаптавацца маладым беларусам да новага свету, захаваць і прымножыць той цэласны ідэалагічны складнік, які з'яўляецца базай сучаснай Беларусі", - заявіў ён.

Уладзімір Гусакоў акцэнтаваў увагу, што сумеснае мерапрыемства НАН і "Белай Русі" прызначана стаць пляцоўкай, на якой будуць выпрацоўвацца пазітыўныя сцэнарыі развіцця падзей для грамадзянскай супольнасці. "Акрамя таго, гэта месца, дзе павінны фарміравацца адказы на важнейшыя выклікі сучаснасці. Спадзяюся, што семінар стане яшчэ адной яркай падзеяй у працэсе ўдасканалення і станаўлення новай грамадзянскай супольнасці нашай краіны", - канстатаваў старшыня Прэзідыума НАН.

У навукова-практычным семінары "Філасофскія і сацыяльна-палітычныя асновы дзейнасці грамадскіх фарміраванняў у Рэспубліцы Беларусь" прымаюць удзел вядучыя вучоныя краіны, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і СМІ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі