9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржпагранкамітэт, МУС і прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі сёння падпісалі пратакол аб намерах супрацоўніцтва ў сферы добраахвотнага вяртання замежных грамадзян на радзіму або ў краіну пастаяннага пражывання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пратакол вызначае механізм супрацоўніцтва для добраахвотнага ўпарадкаванага і гуманнага вяртання, заснаванага на рашэнні самога мігранта. Дакумент быў распрацаваны з улікам міжнароднага вопыту ў гэтай сферы. Падпісалі пратакол намеснік старшыні Дзяржпагранкамітэта Ігар Печань, намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка і кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі Зейнал Гаджыеў.
"Органы пагранічнай службы падтрымліваюць і вітаюць гэту праграму. У бягучым годзе затрымана больш за 250 парушальнікаў дзяржаўнай граніцы. Мы разумеем, што некаторыя з іх маглі б мець іншы лёс, калі гэта праграма дзейнічала б", - сказаў Ігар Печань. Як адзначыў Мікалай Мельчанка, дзякуючы донарскай дапамозе Еўрасаюза і МАМ для Беларусі выбудаваны пэўны алгарытм, па якім ведамствы будуць дзейнічаць у адносінах да мігрантаў, якія вырашылі добраахвотна вярнуцца дадому. Цяпер для гэтага не трэба будзе траціць сродкі рэспубліканскага бюджэту.
Добраахвотнае вяртанне пры падтрымцы Міжнароднай арганізацыі па міграцыі будзе ўключаць адміністрацыйную, лагістычную і фінансавую дапамогу мігрантам. Дапамогуць некаторым з іх і ў рэінтэграцыі пасля вяртання на радзіму. Рэалізацыя праграмы прадугледжвае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне паміж самімі мігрантамі, уключанымі дзяржаўнымі органамі, грамадзянскай супольнасцю, а таксама ўрадамі краін назначэння.
"У пратаколе дакладна размежаваны паўнамоцтвы. Мы вельмі доўга абмяркоўвалі яго і знайшлі прымальны варыянт, які цалкам адпавядае міжнародным стандартам, нашым патрабаванням (Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. - Заўвага БЕЛТА) у гэтай сферы. Мы дапамагаем людзям, якія аказваюцца ў вельмі няпростых жыццёвых сітуацыях. Ім трэба прымаць рашэнні, а яны павінны прымацца на аснове дакладнай інфармацыі. Таму іх трэба інфармаваць аб розных магчымасцях", - падкрэсліў Зейнал Гаджыеў.
Падпісанне пратакола дало старт інфармацыйнай кампаніі аб праграме добраахвотнага вяртання для мігрантаў. Чакаецца, што яна дапаможа праінфармаваць патэнцыяльных бенефіцыяраў аб магчымасцях. Напрыклад, за 9 месяцаў гэтага года з Беларусі былі дэпартаваны звыш 780 чалавек, а высланы больш за 1050. Многія з іх пры наяўнасці неабходнай інфармацыі маглі б пазбегнуць высылкі і легальна вярнуцца на радзіму.
Добраахвотнае вяртанне з'яўляецца неад'емнай часткай рэгулявання міграцыйных працэсаў. Аналагічная праграма ўжо рэалізоўвалася ў Беларусі з 2007 па 2011 год. Тады садзейнічанне аказалі больш як 140 іншаземцам, з якіх 35 скарысталіся дапамогай па ініцыятыве органаў унутраных спраў. Гэта дало магчымасць у значным аб'ёме сэканоміць сродкі рэспубліканскага бюджэту на пакрыццё расходаў, звязаных з высылкай і дэпартацыяй. У бягучым годзе ў рамках праекта ЕС пры дапамозе МАМ скарысталіся магчымасцямі праграмы добраахвотнага вяртання на радзіму ўжо 15 мігрантаў.
Каб атрымаць дапамогу ў вяртанні на радзіму, мігрант павінен звярнуцца ў Дзяржпагранкамтэт, міліцыю або ў прадстаўніцтва МАМ. Калі гэта законапаслухмяны чалавек, які проста трапіў у складаную сітуацыю, то прадстаўнікі МАМ аплацяць яму білет дадому, а таксама дапамогуць у іншых пытаннях, калі гэта спатрэбіцца. Акрамя таго, работнікі Міжнароднай арганізацыі па міграцыі рэгулярна прымаюць і беларусаў, якія вяртаюцца такім чынам на радзіму. Такія запыты апрацоўваюцца практычна кожны тыдзень.
Пратакол аб намерах супрацоўніцтва распрацаваны па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза "Садзейнічанне Беларусі ў вырашэнні пытанняў, звязаных з павелічэннем колькасці нерэгулярных мігрантаў". Праект прадаўжаецца паўтара года, яго рэалізацыя зойме яшчэ 2,5 года. У яго бюджэце прадугледжаны сродкі на вяртанне з Беларусі на радзіму 300 мігрантаў. Праект уключае і будаўніцтва двух цэнтраў часовага ўтрымання іншаземцаў - на 40 чалавек у Полацкім пагранічным атрадзе і на 72 чалавекі пад Мінскам у раёне аэрапорта. Будаўніцтва першага павінна пачацца ў красавіку 2020-га і завяршыцца да канца года. Што датычыцца другога цэнтра, то цяпер абмяркоўваецца дакладнае месца яго размяшчэння. Плануецца вызначыцца з гэтым да канца бягучага года.
Таксама частка праекта - змяненне заканадаўства аб прававым статусе іншаземцаў і асоб без грамадзянства. Плануецца, што парламент у час асенняй сесіі разгледзіць папраўкі ў адпаведны закон. Праект накіраваны ў тым ліку і на тое, каб абодва бакі былі гатовы да дзеяння пагаднення аб рэадмісіі паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.-0-