Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 жніўня 2018, 20:00

У Беларусь па двухбаковым бязвізавым рэжыме прыляцелі першыя кітайскія турысты

10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусь па двухбаковым бязвізавым рэжыме прыляцелі першыя кітайскія турысты, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Першым турыстам, які ступіў на беларускую зямлю з трапа самалёта, стаў менеджар па продажы адной з кампаній Пекіна Сін Юй. Ён атрымаў у падарунак сертыфікат на пражыванне ў адным з атэляў Мінска па ВІП-праграме. Такім правам ён можа скарыстацца сёння або іншы раз, прыляцеўшы ў Беларусь з сям'ёй. Тэрмін дзеяння сертыфіката адзін год - да жніўня 2019 года.

Як расказаў Сін Юй, ён другі раз прыляцеў у нашу краіну і быў рады навіне, што цяпер гэта можна рабіць на бязвізавай аснове. "Я спецыяльна патэлефанаваў у ваша пасольства, каб удакладніць новыя правілы ўезду ў Беларусь. Увядзенне бязвізавага рэжыму значна ўсё спрасціла, дастаткова толькі купіць білет. Беларусь вельмі прыгожая краіна, людзі добрыя, у вас цудоўная прырода, тут можна заняцца паляваннем, рыбалкай. Мне вельмі падабаецца беларуская кухня, асабліва дранікі і рыба. На гэты раз зноў буду каштаваць стравы вашай нацыянальнай кухні", - адзначыў кітайскі госць.

Паводле слоў намесніка дырэктара Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віталя Грыцэвіча, з кітайскім рынкам Беларусь працуе даўно і планамерна. "2018-ы быў абвешчаны Годам турызму Беларусі ў Кітаі, і падпісанне пагаднення па 30-дзённым бязвізавым знаходжанні для грамадзян дзвюх краін - лагічны яго працяг. Акрамя таго, мы праводзім вялікую работу па паляпшэнні нашай інфраструктуры, каб кітайскія турысты адчувалі сябе тут камфортна", - сказаў ён.

Віталь Грыцэвіч дадаў, што пагадненні аб бязвізавым рэжыме вельмі эфектыўныя. У якасці прыкладу ён прывёў Аргенціну. "Мы падпісалі аналагічнае пагадненне з Аргенцінай у мінулым годзе і ўжо бачым, што яго эканамічны эфект даволі высокі. Толькі за паўгода Беларусь наведалі ў 6 разоў больш аргенцінцаў, чым за ўвесь 2017 год. Думаю, што колькасць кітайскіх грамадзян, якія захочуць наведаць Беларусь як у турыстычных мэтах, так і па бізнесе, павялічыцца", - рэзюмаваў ён.

Пагадненне аб бязвізавым рэжыме паміж Беларуссю і Кітаем уступіла ў сілу сёння. Беларусы могуць знаходзіцца ў Кітаі без візы да 30 дзён у адной паездцы, але не больш за 90 дзён у год. Такое ж правіла дзейнічае для кітайскіх грамадзян. Калі чалавек захоча застацца ў краіне больш за 30 дзён або заняцца навучальнай, прафесійнай дзейнасцю, трэба будзе атрымліваць спецыяльную візу. У бязвізавы рэжым закладзены прыватныя паездкі, бізнес-камандзіроўкі, турыстычныя паездкі. Міжурадавае пагадненне аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў было заключана 10 чэрвеня ў Цындаа ў час рабочага візіту Прэзідэнта Беларусі ў КНР. З падпісаннем дакумента Беларусь апынулася сярод нямногіх краін Еўропы, у якіх устаноўлены бязвізавы рэжым з Кітаем.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі