5 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка на педагагічныя спецыяльнасці паступае чвэрць выпускнікоў профільных класаў. Аб гэтым у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА паведаміў рэктар ВНУ Аляксандр Жук.
У створаных некалькі гадоў таму педагагічных класах ужо адбылося два выпускі. "Штогадова мы анкетуем навучэнцаў педкласаў. Мы бачым, што крыху больш як палавіна з іх прымаюць цвёрдае рашэнне пайсці па настаўніцкім шляху, каля 30 працэнтаў вучняў, як правіла, да апошняга не ўпэўнены, ці пойдуць яны ў педагогі. Усяго да нас на педспецыяльнасці паступілі больш за 400 выпускнікоў профільных класаў. Гэта 25 працэнтаў ад усяго выпуску (іх было больш за 2,1 тыс. чалавек). Гэта вельмі добрая лічба з пункту гледжання сацыялогіі, закону нармальнага размеркавання", - сказаў Аляксандр Жук.
"Рыхтавацца да настаўніцтва могуць многія, але патрабаванні да паступлення ў ВНУ даволі строгія. Каб атрымаць ільготу пры паступленні на педспецыяльнасці трэба вучыцца на 7-10 балаў, трэба мець рэкамендацыю педагагічнага савета. Як паказвае практыка, менш як палавіна выпускнікоў педкласаў атрымліваюць гэтыя рэкамендацыі. Педагагічныя саветы школ адказна да гэтага падыходзяць: або вучань не вытрымлівае патрабаванняў па паспяховасці, або не мае неабходных якасцей. Бо той, хто добра навучаецца, не абавязкова будзе добрым педагогам у будучым, для гэтага спатрэбяцца вельмі важныя асабістыя якасці. Акрамя таго, вучань павінен падрыхтаваць да паступлення партфоліа з вынікамі двухгадовых напрацовак, каб мы бачылі, што ён паспрабаваў сябе ў якасці будучага настаўніка", - падкрэсліў ён.-0-