Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 сакавіка 2019, 14:43

Турчын: задача мясцовай улады - ствараць новыя рабочыя месцы з дастойнай зарплатай

22 сакавіка, Лельчыцы /Кар. БЕЛТА/. Ключавая задача мясцовай улады - ствараць новыя рабочыя месцы з дастойнай заработнай платай. На гэтым акцэнтаваў увагу першы намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Турчын сёння ў час прыёму грамадзян у Лельчыцкім райвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Жыхар Лельчыц узняў тэму рэарганізацыі дзяржпрадпрыемстваў, калі пры ўзбуйненні тая ці іншая кампанія пакідае ў раёне толькі філіял. Гэта, паводле слоў звернутага, вядзе да змяншэння колькасці рабочых месцаў, зніжэння ўзроўню даходаў. Аляксандр Турчын адзначыў, што гэта пытанне няпростае, і важна знайсці залатую сярэдзіну, каб, з аднаго боку, стратныя аддзяленні не аказвалі негатыўнага ўплыву на работу ўсёй арганізацыі, а з іншага, каб людзі не аказаліся незанятымі. Таму ключавая роля тут адведзена мясцовым уладам. "Трэба шукаць варыянты. Задача ўлады - гэта перш за ўсё рабочыя месцы. Ёсць рэсурс, трэба падумаць, як яго ўключыць у работу. Мы павінны пастаянна рухацца і ствараць месцы з дастойнай заработнай платай", - сказаў першы віцэ-прэм'ер. На яго думку, напрыклад, у Лельчыцкім раёне вялікія рэзервы ў лясной галіне.

Развіваецца ў раёне прадпрымальніцтва: зарэгістравана 387 ІП, у тым ліку ў сельскай мясцовасці. Як растлумачыў старшыня райвыканкама Анатоль Гапонік, за апошнія тры гады ў сферы бізнесу створана 300 рабочых месцаў. Аляксандр Турчын прапанаваў на базе Лельчыцкага раёна арганізаваць у якасці пілотнага праекта такую меру стымулявання бізнесу, як стварэнне вытворчых памяшканняў за кошт дзяржаўных сродкаў і з далейшай магчымасцю здачы ў арэнду бізнесу. У такім выпадку прадпрымальнікі не будуць несці вялікія інвестыцыйныя затраты на капітальныя ўкладанні і змогуць накіраваць сродкі на іншыя мэты. Прапановы будуць падрыхтаваны ў бліжэйшы час. Першы віцэ-прэм'ер таксама адзначыў, што цяпер у Аршанскім раёне рэалізуецца пілотны праект: ён прадугледжвае пэўныя рэгуляцыі - і падатковыя, і па ФСАН, і маёмасныя, і іншыя. Калі яны дадуць станоўчы эфект, іх распаўсюдзяць на іншыя раёны.

Закранута на прыёме была перспектыва будаўніцтва чыгункі ў раёне. Як растлумачыў Аляксандр Турчын, у гэтым пытанні ёсць два важныя аспекты. Па-першае, праект патрабуе сур'ёзных фінансавых укладанняў, па-другое, сёння не праглядаецца перспектыва яго акупнасці, рэнтабельнасці. "Безумоўна, тэма для рэгіёна вельмі важная, яна на кантролі", - дадаў першы віцэ-прэм'ер.

Кіраўнік прыватнага прадпрыемства звярнуўся з пытаннем аб распрацоўцы кар'ера каля Глушкавіч. Паводле яго слоў, глушкавіцкі камень унікальны і будзе запатрабаваны на экспарт. У планах у прадпрымальніка - рабіць прадукцыю з гэтага каменю з максімальнай дабаўленай вартасцю. Паводле слоў Аляксандра Турчына, калі ў чалавека ёсць жаданне працаваць, то трэба яму дапамагчы, аднак важна выконваць абсалютна ўсе патрабаванні, якія існуюць пры здабычы карысных выкапняў. Таксама жыхар раёна цікавіўся магчымасцю выкарыстання горных адвалаў. Даручэнне мясцовым уладам, Мінпрыроды і Дзяржкаммаёмасці прапрацаваць гэта пытанне.

Аляксандр Турчын азнаёміўся з эканамічным становішчам раёна, дэмаграфічнай сітуацыяй, развіццём сацыяльнай сферы, сельскагаспадарчай галіны, занятасцю насельніцтва. "У кожным раёне ёсць свае канкурэнтныя перавагі. Лельчыцкі раён унікальны, ён багаты на прыродныя рэсурсы. Трэба эфектыўна выкарыстоўваць увесь патэнцыял", - рэзюмаваў Аляксандр Турчын.-0-

Фота Сяргея Халадзіліна

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі