Поўная версія

Цёплае сухое надвор'е чакаецца ў Беларусі ў выхадныя

Грамадства 06.09.2018 | 12:30
Фота з архіва
Фота з архіва

6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цёплае сухое надвор'е чакаецца ў Беларусі ў выхадныя, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"Пачатак верасня прадаўжае радаваць нас камфортным летнім надвор'ем. Тэмпературны фон на 3-8 градусаў перавышае кліматычную норму. Так цёпла ў першыя дні восені бывае не так часта: за апошнія 70 гадоў гэта трэці раз. Вада на рэках і вадаёмах краіны добра праграваецца: паводле даных гідролагаў, яе тэмпература цяпер знаходзіцца ў асноўным у межах ад 17 да 22 градусаў цяпла", - сказалі ў Белгідрамеце.

У суботу, 7 верасня, надвор'е ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў цёплым паветры. Толькі ўначы і раніцай па паўднёвым захадзе Беларусі будзе адчувацца ўплыў няўстойлівай паветранай масы. Чакаецца невялікая воблачнасць, будзе ў асноўным без ападкаў. Толькі ўначы і раніцай у асобных раёнах па паўднёвым захадзе краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя дажджы, навальніцы. У начны і ранішні час месцамі магчымы слабы туман. Вецер прагназуецца ўсходні ўмераны. Тэмпература паветра ў начны і ранішні час панізіцца да 10-16 градусаў вышэй за нуль, у другой палавіне дня паветра прагрэецца да 21-27 градусаў.

На бліжэйшых выхадных надвор'е будзе вызначаць у асноўным вобласць павышанага атмасфернага ціску ад антыцыклону над еўрапейскай часткай Расіі і цёплая паветраная маса. "Прырода парадуе мінчан і гасцей сталіцы цудоўным летнім сухім надвор'ем у Дзень горада", - адзначылі ў Белгідрамеце.

У суботу, 8 верасня, чакаецца пераменная воблачнасць. Будзе пераважна без ападкаў, толькі раніцай і днём у асобных раёнах па крайнім поўдні краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай месцамі магчымы слабы туман. Вецер прагназуецца ўсходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе 8-15 градусаў вышэй за нуль, удзень - плюс 20-26 градусаў.

У нядзелю, 9 верасня, будзе пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай месцамі магчымы слабы туман. Вецер прагназуецца заходні, паўднёва-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе 8-15 градусаў вышэй за нуль, удзень - 21-27 градусаў цяпла.

"Паводле папярэдняга прагнозу, у пачатку наступнага тыдня атмасферны ціск пачне павольна паніжацца. З'явіцца больш воблакаў, паступова наблізяцца да нашых рэгіёнаў франтальныя раздзелы, пачнуцца дажджы. Тэмпературны фон панізіцца і вернецца да кліматычнай нормы", - дадалі ў Белгідрамеце.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія