Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 ліпеня 2019, 15:02

Тэмпература паветра ў Беларусі ў I паўгоддзі была на 2,3 градуса вышэйшая за норму

19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэмпература паветра ў Беларусі ў першым паўгоддзі 2019 года была на 2,3 градуса вышэйшая за кліматычную норму, паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела вывучэння змяненняў клімату службы метадычнага забеспячэння гідраметэаралагічных назіранняў, вывучэння змяненняў клімату і фонду даных Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Наталля Клявец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Першае паўгоддзе было вельмі цёплым: сярэдняя тэмпература паветра склала плюс 7,1 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 2,3 градуса. У сярэднім па краіне так цёпла бывае адзін раз у 30-35 гадоў. Апошні раз такое цёплае паўгоддзе адзначалася ў 1989 годзе: сярэдняя тэмпература складала плюс 7,4 градуса", - сказала Наталля Клявец.

Тэмпература паветра пяці з шасці месяцаў у першым паўгоддзі была вышэйшая за норму. Халодным быў толькі студзень: сярэдняя тэмпература паветра па краіне склала мінус 5,1 градуса, што ніжэй за норму на 0,7 градуса. Менавіта ў канцы студзеня была адзначана самая нізкая тэмпература паветра за паўгоддзе - мінус 24,8 градуса ў Брагіне (28 студзеня). Люты быў цёплы: адхіленне ад нормы ў дадатны бок склала ў сярэднім па краіне 4,4 градуса. Цёплае надвор'е пераважала і ў вясеннія месяцы: сярэдняя тэмпература паветра была на 1,9 градуса вышэйшая за кліматычную норму. Такая цёплая вясна ў Беларусі бывае адзін раз у 25 гадоў. "Лета пачалося з вельмі гарачага чэрвеня з сярэдняй тэмпературай плюс 21 градус, што вышэй за норму на 4,6 градуса. Такі гарачы чэрвень адзначаецца ўпершыню з 1945 года. Па многіх метэастанцыях былі перасягнуты месячныя рэкорды тэмператур. Самая высокая тэмпература за паўгоддзе была адзначана 12 чэрвеня ў Жлобіне - плюс 34,7 градуса", - адзначыла прадстаўнік Белгідрамета.

У першыя шэсць месяцаў 2019 года ў Беларусі быў дэфіцыт вільгаці: у сярэднім па краіне выпаў 231 мм ападкаў, або 78 працэнтаў кліматычнай нормы. Больш за ўсё ападкаў выпала ў студзені (120 працэнтаў нормы) і маі (135 працэнтаў). У сакавіку колькасць вільгаці была каля нормы (93 працэнты). Люты і чэрвень былі засушлівыя: выпала 45 працэнтаў і 55 працэнтаў нормы ападкаў адпаведна. А красавік 2019 года стаў самым сухім за апошнія 75 гадоў: у сярэднім па краіне выпала 7 мм, або 18 працэнтаў нормы ападкаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі