Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 ліпеня 2019, 12:06

Танкі ў балоце, побыт партызан і звычайны гераізм - у музеі Берліна адкрылася фотавыстава БЕЛТА

Пісаць аб медыйных падзеях, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, вельмі цяжка - на гэту тэму сказана, напісана, знята так шмат і так таленавіта, пранікнёна, што зрабіць лепш практычна немагчыма. Каб пазбегнуць залішняй патэтыкі і штампаў, найлепшы спосаб - максімальна аперыраваць фактамі, канкрэтыкай, а не агульнымі словамі. У дадзеным выпадку гэта атрымліваецца лёгка, нагода добрая - адкрыццё фотавыставы БЕЛТА ў музеі "Берлін - Карлсхорст". Сімвалічна і напоўнена сэнсам усё: і сам факт яе правядзення, і прадстаўленыя здымкі, час і месца размяшчэння экспазіцыі, значэнне падзеі для Беларусі і Германіі. Але аб усім па парадку.

Назва экспазіцыі "Беларусь памятае. 75 імгненняў вайны" гаворыць сама за сябе. Менавіта такую колькасць фатаграфій могуць убачыць наведвальнікі. Хоць у архіве агенцтва іх у дзясяткі разоў больш: каля 700 пераведзеных у лічбавы фармат здымкаў аб Вялікай Айчыннай вайне.

Для выставы ў нямецкай сталіцы работы адбіраліся па асаблівым прынцыпе: паказаць асабістыя гісторыі, фрагменты жыцця людзей, уцягнутых у вайну, і пры гэтым абазначыць нацыянальны аспект - страты Беларусі, яе вызваленне і ролю ў заваяванні Перамогі.

У баі разлік процітанкавай гарматы. 1943 год'

Ёсць шмат фатаграфій аб партызанскім руху. Для нас, пакалення беларусаў, выхаваных са школьнай парты на творах Куляшова, Танка, Броўкі, Адамовіча і многіх-многіх іншых аўтараў пасляваеннай савецкай эпохі, тэма партызанскай барацьбы здаецца добра вядомай. Аднак для заходнееўрапейскай публікі знаёмства з тэмай - гэта часта адкрыццё. Паколькі народнае супраціўленне ў час Другой сусветнай вайны ні ў адной з краін нават і блізка не дасягнула такіх маштабаў, як у Савецкім Саюзе. І асабліва - на тэрыторыі акупіраванай Беларусі.

На здымках - фрагменты жыцця беларускіх партызан. Без прыхарошвання, цэнзуры, ваяўнічага глянцу. Рэальнае жыццё ў барацьбе з праціўнікам, з прыроднай непагодай, з суровым побытам, з самім сабой, у рэшце рэшт. Каб выжыць.

Тут і фатаграфіі з поля бою ў 1943-1944 гадах, у час цяжкіх перапраў цераз рэкі. Здымкі партызанскага вольнага часу, няхітрых бытавых устройстваў (партызанскі млын, напрыклад), партрэтныя кадры радавых партызан і лідараў руху.

Партызанская конніца перапраўляецца цераз раку Случ. 1943 год'

Асаблівае месца адводзіцца аперацыі "Баграціён" - адной з самых маштабных у гісторыі чалавецтва па значэнні, ахопе тэрыторыі, колькасці ўдзельнікаў і зброі, ступені сакрэтнасці і стратэгічнай задуме. Менавіта яна прынесла вызваленне Беларусі. І менавіта партызаны адыгралі ў ёй вырашальную ролю. Камандаванне вермахта нават падумаць не магло, што цераз непраходныя беларускія балоты магчыма пераправіць танкі і іншую цяжкую тэхніку. Ды яшчэ ў такой колькасці, за такі кароткі тэрмін і абсалютна непрыкметна для праціўніка. Аб тым, як гэта было, паказана на фотаздымках карэспандэнтаў БЕЛТА, многія з якіх сталі хрэстаматыйнымі.

Напрыклад, работы легендарнага фотакарэспандэнта БЕЛТА Уладзіміра Лупейкі, які прайшоў усю вайну і па праву стаў гонарам агенцтва. Яго аўтарскія здымкі складаюць аснову экспазіцыі.

Асаблівай увагі заслугоўваюць кадры, дзе паказаны эмоцыі людзей, якіх закранула вайна. Гэта той выпадак, калі лепш адзін раз убачыць, каб хоць часткова ўлавіць, што ім давялося перажыць у гады вайны.

У вёсцы Касцюкі на Барысаўшчыне пасля вызвалення. 1944 год'

Гвардыі старшы сяржант Якаў Платонаў удзельнічаў у вызваленні роднай вёскі Варашылы Багушэўскага раёна Віцебскай вобласці. Сустрэча са сваякамі. Ліпень 1944 года'

Дарэчы, менавіта такі падыход да расказу аб Другой сусветнай вайне - праз паказ яе жахаў і бедстваў, нягод і трагедый, што выпалі на долю яе ўдзельнікаў, а не праз дэманстрацыю ваеннай моцы, планаў ваеннага камандавання і схем бітваў - цалкам супадае з канцэпцыяй музея "Берлін - Карлсхорст", дзе праходзіць выстава.

Музей капітуляцыі

У сталіцы Германіі ёсць шмат мясцін, дзе адбываліся значныя гістарычныя падзеі. Але наўрад ці якая-небудзь з іх можа параўнацца па сваім сусветна-гістарычным гучанні са знешне нічым не прыметным будынкам у берлінскім раёне Карлсхорст. Тут у ноч з 8 па 9 мая 1945 года быў падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі вермахта. Гэта азначала заканчэнне Другой сусветнай вайны ў Еўропе.

У той час было немагчыма нават уявіць, што ў гэтым месцы будзе адкрыты музей на прынцыпах расійска-германскага партнёрства. Аднак гэта адбылося. Не адразу, вядома. Шлях да стварэння сумеснага музея быў доўгі, няпросты. І абедзве краіны ішлі па ім вельмі асцярожна. Аб'яднаўшы намаганні, яны змаглі паказаць у пастаяннай экспазіцыі музея, цалкам абноўленай у 2013 годзе, рэаліі самай жорсткай і кровапралітнай вайны, якую еўрапейскія дзяржавы калі-небудзь вялі адна супраць адной. Так музей паспяхова выконвае сваю важнейшую задачу - садзейнічаць узаемаразуменню і збліжэнню народаў.

Тэма Другой сусветнай вайны, сапраўды, садзейнічае яднанню шэрага краін, у тым ліку Беларусі і Германіі. "Для нас падтрыманне гістарычнага дыялогу і захаванне памяці аб падзеях Другой сусветнай, Вялікай Айчыннай вайны - адна з цэнтральных тэм, якія з'яўляюцца стрыжнем беларуска-германскіх узаемаадносін, - тлумачыць Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Германіі Дзяніс Сідарэнка. - Невыпадкова і візіт Федэральнага прэзідэнта Франка-Вальтэра Штайнмаера ў Беларусь у мінулым годзе (першы ў гісторыі адносін візіт такога высокага ўзроўню) быў у гэтым гістарычным кантэксце. Гэта было своеасаблівым сігналам, што на цяперашнім этапе развіцця двухбаковых адносін Германія хоча акцэнтавана паказаць сваё разуменне важнасці Беларусі, тых ахвяр, якія панесла наша краіна ў гады Другой сусветнай вайны, той гістарычнай адказнасці, якую Германія нясе за той складаны трагічны перыяд нашай сумеснай гісторыі".

Каб памяталі...

Год таму, летам 2018-га, знаходзячыся ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец", Франк-Вальтэр Штайнмаер апеляваў да мастацтва як сродку пазнання страшнай сутнасці вайны і называў у якасці прыкладу вядомую кінадраму "Ідзі і глядзі". Фільм зняты на аснове аповесці Алеся Адамовіча, падзеі разгортваюцца ў акупіраванай Беларусі ў 1943 годзе, а галоўны герой - падлетак, якога, дарэчы, пранікнёна сыграў непрафесійны акцёр Аляксей Краўчанка.

У год прэм'еры, прымеркаванай да юбілейнай даты - 40-годдзя Перамогі, фільм зрабіў каласальнае ўражанне на публіку. "Гэта была сустрэча з вайной. Не такой вайной, якая была вядома да гэтага. Не, з той вайной, якая засланіла сабой памяць аб усіх папярэдніх войнах, якая траўміравала цэлыя пакаленні і сказіла аблічча нашага кантынента: гэта быў паход германскага вермахта супраць Савецкага Саюза. І мэтай гэтага паходу было вынішчэнне", - канстатаваў германскі лідар.

Кінакарціна запатрабавана і да гэтага дня. Сучаснае пакаленне, вядома, глядзіць фільм па-іншаму, не так, як пасляваеннае. Але ўсё роўна глядзіць - кінастужка значыцца ў топе рэйтынгаў лепшых у свеце фільмаў аб вайне. Гэта значыць цікавасць да твораў візуальнага мастацтва аб вайне захоўваецца. Арганізацыя мерапрыемстваў да юбілейных дат, у тым ліку выставак хранікальных фатаграфій - адзін са спосабаў не даць згаснуць такой цікавасці. Важна вывучаць гісторыю, перадаваць яе кожнаму наступнаму пакаленню. "Часткай гэтай гістарычнай памяці еўрапейцаў, а ў першую чаргу немцаў, непазбежна з'яўляецца і гісторыя Беларусі. Пасля амаль трох дзесяцігоддзяў незалежнасці настаў час для таго, каб гэта краіна ў нашай свядомасці і разуменні выйшла з ценю Савецкага Саюза, але перш за ўсё, каб Беларусь успрымалася як дзяржава з уласнай гісторыяй, сучасным і будучым", - гаварыў Франк-Вальтэр Штайнмаер.

Бягучы год - юбілейны для Беларусі, год 75-годдзя вызвалення краіны ад фашысцкіх захопнікаў. І зразумела, пад знакам гэтай даты былі і будуць арганізаваны шматлікія мерапрыемствы.

"Сярод пераважнай большасці германскага грамадства ёсць глыбокае разуменне адказнасці, віны за падзеі часоў вайны. Хоць пакаленне ўжо змянілася, але гэта пачуццё сапраўды глыбока ў іх сядзіць, яны вельмі беражліва клапоцяцца аб мемарыялах савецкім воінам. Напрыклад, да 75-годдзя Перамогі пачалася рэканструкцыя Трэптаў-парку, на гэта выдзелены вялікія сродкі, - расказвае Дзяніс Сідарэнка. - Для таго, каб гэта разуменне як частка нашых адносін захоўвалася, мы таксама павінны ў Германіі на розных пляцоўках абазначыць важнасць для нас даты 75-годдзя вызвалення Беларусі. Падкрэсліць яе значэнне для нашага суверэнітэту, незалежнасці, разумення сваёй уласнай сённяшняй місіі як краіны".

Аперацыя "Баграціён". У наступленні пад Мінскам. Чэрвень 1944 года'

Беларускія партызаны ўваходзяць у вызвалены ад нямецкіх акупантаў Мінск. Ліпень 1944 года'

Фотавыстава БЕЛТА "Беларусь памятае. 75 імгненняў вайны" займае ганаровае месца сярод мерапрыемстваў юбілейнага для краіны года. З 26 чэрвеня яна экспанавалася ў Расійскім доме навукі і культуры ў германскай сталіцы, а 17 ліпеня адкрылася ў музеі "Берлін-Карлсхорст". У абодвух выпадках гэта была не проста прэзентацыя экспазіцыі, а цікавая памятная падзея з удзелам сваякоў ветэранаў, гісторыкаў, дыпламатаў, прадстаўнікоў грамадскасці.

У дзень адкрыцця выставы ў Расійскім доме навукі і культуры Дзяніс Сідарэнка ўручыў былой вязніцы Мінскага гета Таццяне Усялюбскай юбілейны медаль "75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". А на заканчэнне адбыўся паказ таго самага фільма "Ідзі і глядзі".

Фота пасольства Беларусі ў Германіі'

Пачатак работы фотаэкспазіцыі БЕЛТА ў музеі "Карлсхорст" азнаменаваўся правядзеннем дыскусійнага клуба з удзелам прадстаўнікоў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, нямецкіх гісторыкаў, экспертаў.

"Для нас важна прадаставіць яшчэ адну магчымасць нямецкай грамадскасці ўсвядоміць ролю Беларусі як краіны, якая знаходзілася ў эпіцэнтры ваенных падзей, пад акупацыяй і дзе ўчынялася вялікая колькасць злачынстваў супраць чалавецтва", - растлумачыў пасол.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі