Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 красавіка 2019, 16:22

Шуневіч лічыць эфектыўнай работу аграпрадпрыемства па рэсацыялізацыі асуджаных

4 красавіка, Светлагорскі раён /Кар. БЕЛТА/. Міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч лічыць эфектыўнай работу падведамнага РСУП "Хутар-Агра" па рэсацыялізацыі асуджаных, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У час паездкі на "Хутар-Агра" Ігар Шуневіч заслухаў даклад аб выніках дзейнасці прадпрыемства, перспектывах развіцця і праводзімай у гаспадарцы рабоце па рэсацыялізацыі спецкантынгенту. Міністр наведаў малочнатаварную ферму "Яланы", жывёлагадоўчы комплекс "Хутар", зернесушыльны комплекс, рэканструяваны будынак для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы, машынна-трактарны парк і іншыя аб'екты.

Мінулы год прынёс гаспадарцы сур'ёзныя выпрабаванні. З-за засухі аграрыі вымушаны былі перасейваць частку палёў. Давялося адмовіцца ад свінагадоўлі. "Разам з тым гаспадарка спрацавала без страт. І самае галоўнае - мы захавалі сур'ёзныя тэмпы развіцця, у тым ліку па развіцці вытворчасці, прыцягненні спецкантынгенту для работы. Гаспадарка развіваецца дынамічна. Планы на бліжэйшыя 2-3 гады дастойныя. Мы ўпэўнены, што спрацуем з добрым эканамічным эфектам", - сказаў Ігар Шуневіч. Ён дадаў, што гаспадарка падрыхтавалася да пасяўной, працэс якой ідзе поўным ходам, праблемных пытанняў тут няма.

За мінулы год прадпрыемства прырасло новымі вытворчасцямі і ўчасткамі, у тым ліку адкрыта лінія па вытворчасці камбікармоў. У планах на бліжэйшыя гады - развіць тэхналагічны працэс, павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы, авечак і пашырыць пасеку. Таксама на перспектыву разглядаецца пытанне забеспячэння работнікаў жыллём, удакладніў дырэктар РСУП "Хутар-Агра" Віктар Бусел. Так, да канца бягучага года плануецца здаць двухкватэрны дом у аграгарадку Хутар.

Планамерна выконваецца і адна з важнейшых задач прадпрыемства - рэсацыялізацыя былых зняволеных. Тут яны атрымліваюць работу, набываюць запатрабаваныя ў галіне спецыяльнасці, сацыяльны пакет і магчымасць пачаць новае жыццё. На гэты час на прадпрыемстве працуюць амаль 80 чалавек, якія праходзяць лячэнне ў светлагорскім працоўным прафілакторыі, а таксама сем былых асуджаных.

Гэта работа, на думку кіраўніка сілавога ведамства, даволі эфектыўная. Паводле слоў Ігара Шуневіча, эксперымент па працатэрапіі, які стартаваў у гэтай гаспадарцы, цяпер праводзяць практычна ўсе лячэбна-працоўныя прафілакторыі краіны.

На прадпрыемстве не скардзяцца на работу работнікаў з няпростай біяграфіяй. Пытанні парушэння дысцыпліны не ўзнікаюць. Ёсць цікавасць і ў работнікаў, некалькі чалавек засталіся на прадпрыемстве і пасля праходжання лячэння ў ЛПП.

Разам з тым пашыраць колькасць такіх вытворчасцей у ведамстве пакуль не маюць намеру. Трэба адпрацаваць яшчэ некалькі сезонаў, выйсці на пэўны рытм, ацаніць патрэбнасць падраздзяленняў у такіх прадпрыемствах.

Таксама Ігар Шуневіч азнаёміўся з ходам рэканструкцыі мемарыяла ў аграгарадку Хутар у памяць спаленых мясцовых жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Пляцоўка змянілася, апошнім штрыхом стане высадка дрэў у час аднаго з суботнікаў.

РСУП "Хутар-Агра" было перададзена ў сістэму МУС у пачатку 2018 года. Асноўны від дзейнасці - вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі: малака, мяса буйной рагатай жывёлы, збожжа і кармоў для пагалоўя. Штосутачна тут атрымліваюць 11 т малака, 20-25 т мяса. Вырабляемая прадпрыемствам прадукцыя забяспечвае патрэбнасці папраўчых устаноў у ёй.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі