Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 чэрвеня 2018, 15:36

Сектаральны савет па ІТ-адукацыі ствараецца ў Беларусі

1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сектаральны савет па ІТ-адукацыі ствараецца ў Беларусі, паведаміў журналістам міністр адукацыі Ігар Карпенка пасля падпісання ў прэс-цэнтры БЕЛТА пагаднення аб супрацоўніцтве паміж міністэрствам і мабільным аператарам МТС па рэалізацыі сумесных адукацыйных праектаў у 2018-2019 гадах.

"Прынята рашэнне стварыць сектаральны савет па ІТ-адукацыі. Цяпер фарміруецца яго склад, прапрацоўваем план работы. У рамках гэтага савета мы сур'ёзна паглядзім на змест ІТ-адукацыі - як прафесійнай, так і школьнай", - сказаў Ігар Карпенка.

Савет ствараецца на базе Мінадукацыі, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і Парка высокіх тэхналогій. Яго члены прааналізуюць навучальныя планы, праграмы па гэтым напрамку, у цэлым змест работы. "Магчыма, ёсць сэнс адмовіцца ад жорсткага навучальнага плана па курсе інфарматыкі ў сярэдняй школе. Магчыма, варта выпрацаваць нейкі спіс кампетэнцый, якімі павінен валодаць вучань, заканчваючы агульную сярэднюю школу", - адзначыў міністр. Гэтыя пытанні яшчэ трэба будзе абмеркаваць, дадаў ён.

Паводле слоў Ігара Карпенкі, гэты сектаральны савет павінен адыграць важную ролю ў набліжэнні зместу адукацыі да ІТ-сектара.

Апошнім часам актывізаваліся кантакты Міністэрства адукацыі з рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій. З некаторымі з іх праведзены перагаворы, у тым ліку на тэму ўдасканалення адукацыйных праграм.

У працяг тэмы міністр адзначыў, што ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі закладзена такое паняцце, як прыкладны навучальны план. Гэта дасць магчымасць самой ВНУ па пэўных працэнтных суадносінах навучальных гадзін карэкціраваць змест адукацыі з улікам пажаданняў канкрэтных арганізацый - заказчыкаў кадраў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі