Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 кастрычніка 2018, 17:04

Рыжанкоў паабяцаў вырашыць пытанне з адсутнасцю педыятра ў Моталі

19 кастрычніка, Іванаўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў сёння знаходзіцца з рабочай паездкай у Іванаўскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пры наведванні аграгарадка Моталь на сустрэчы з жыхарамі прагучала просьба дапамагчы вырашыць пытанне з педыятрам. У аграгарадку, дзе пражываюць больш як 800 дзяцей, урача няма з мінулага года, пры гэтым стаўка ва ўчастковай паліклініцы захоўваецца.

"Я быў здзіўлены гэтым, - сказаў Максім Рыжанкоў. - З дапамогай Брэсцкага аблвыканкама пастараемся вырашыць пытанне ў самы бліжэйшы час. Столькі дзяцей, і каб не было педыятра - гэта ж нават не ўчарашні дзень. Можна доўга гаварыць пра нейкіх спецыялістаў, якія павінны быць у рамках стандартаў, але педыятр тут павінен быць. Мы аб гэтым ужо дамовіліся, пытанне будзе на кантролі, і я спадзяюся, што ў бліжэйшы час яно будзе закрыта".

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў важнасць тэмы сацыяльных стандартаў, асабліва для такіх населеных пунктаў. Гэта садзейнічае замацаванню моладзі на малой радзіме, развіццю вёскі. Пры гэтым у людзей не павінна быць утрыманскай пазіцыі адносна грамадства, спажывецкага падыходу. "Дзяржава павінна даць пэўны сацыяльны пакет. Нам шмат яшчэ трэба зрабіць, каб замацаваць чалавека там, дзе ён жыве, каб не пераязджалі ў вялікія гарады, маглі знайсці сабе работу дома. Я вельмі рады таму, што ў Моталі людзі стараюцца заставацца на сваёй зямлі. Тут ёсць работа, і не толькі тая, што прадастаўляе дзяржава. Тут прыватны бізнес добра прадстаўлены, развіта самазанятасць, дзяцей нараджаюць, дзве школы поўныя. Гэта сведчыць аб тым, што будучыня ў аграгарадка ёсць", - упэўнены Максім Рыжанкоў.

На сустрэчы з прадстаўнікамі працоўных калектываў, якая адбылася ў Доме культуры, таксама гучала тэма мясцовых дарог, захавання гістарычнай спадчыны, выхавання падрастаючага пакалення. Максім Рыжанкоў азнаёміўся з вытворчасцю ААТ "Агра-Моталь", работай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, наведаў мясцовы цэнтр народнай творчасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі