Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 сакавіка 2018, 13:16

Румак: вынікі даследавання "Пакаленне і гендар" пасадзейнічаюць удасканаленню дэмаграфічнай палітыкі Беларусі

21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вынікі маштабнага даследавання па метадалогіі "Пакаленне і гендар" стануць падтрымкай для выбудоўвання нацыянальнай дэмаграфічнай палітыкі Беларусі. Аб гэтым заявіў сёння журналістам намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Аляксандр Румак на прэс-канферэнцыі Рэгіянальнага сімпозіума па пытаннях распрацоўкі навукова абгрунтаванай сямейнай палітыкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дэмаграфічная палітыка краіны не складаецца хаатычна. Каб выпрацоўваць тыя ці іншыя меры, прымаць рашэнні, неабходна вывучэнне дэмаграфічных працэсаў, а таксама іх параўнанне з працэсамі ў суседніх краінах, у Еўрапейскім рэгіёне", - адзначыў Аляксандр Румак. Ён дадаў, што шэраг прынятых у краіне мер дэманструе станоўчы эфект. Напрыклад, з 2015 года, калі быў укаранёны "сямейны капітал", колькасць трэціх і наступных дзяцей павялічылася з 16,5 тыс. да 22,2 тыс. "Дзякуючы даследаванням мы зможам ацаніць меры падтрымкі сем'яў, якія ёсць цяпер. І што рабіць, напрыклад, каб стымуляваць нараджальнасць другіх дзяцей", - дадаў Аляксандр Румак.

У Беларусі даследаванне па метадалогіі праграмы "Пакаленне і гендар" пад назвай "Беларусь: структура сям'і, сямейныя адносіны, нараджальнасць у зменлівых сацыяльна-эканамічных умовах" было праведзена ў маі - лістападзе 2017 года. Яно стала адным з элементаў праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Падтрымка рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь". У апытанні ўдзельнічалі 10 тыс. рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 да 79 гадоў з 56 гарадоў і 40 сельскіх Саветаў усіх рэгіёнаў Беларусі. У анкеце было больш за 200 пытанняў, апрацоўка адказаў і правільная інтэрпрэтацыя патрабуюць часу. Чакаецца, што будзе падпісана пагадненне паміж Мінпрацы і ЮНФПА аб выкарыстанні інфармацыі ў поўным аб'ёме. Аналіз вынікаў павінен пасадзейнічаць удасканаленню абгрунтаванай дэмаграфічнай палітыкі ў Беларусі. Акрамя непасрэдна даследавання па праекце, было наладжана супрацоўніцтва з міжнароднымі даследчыкамі, выбудавана сістэма павышэння кваліфікацыі, ведаў у галіне дэмаграфіі для дзяржаўных служачых рознага ўзроўню, арганізавана падрыхтоўка маладых спецыялістаў-дэмографаў.

Рэгіянальны сімпозіум па пытаннях распрацоўкі навукова абгрунтаванай сямейнай палітыкі "Прымяненне вынікаў даследавання "Пакаленне і гендар" у краінах - членах ЕЭК ААН" праходзіць у Мінску 21-22 сакавіка. Яго арганізатарамі выступаюць ЮНФПА, ЕЭК ААН, урад Беларусі. Форум экспертаў з Беларусі, Расіі, Аўстрыі, Нідэрландаў, Чэхіі, Эстоніі, Літвы, Латвіі накіраваны на ўмацаванне сувязей і абмен вопытам паміж вучонымі, распрацоўшчыкамі стратэгій, органамі дзяржкіравання і іншымі зацікаўленымі бакамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі