Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 мая 2017, 11:42

Рэдкі для Беларусі арол-магільнік выяўлены пад Магілёвам

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэдкі для Беларусі арол-магільнік выяўлены пад Магілёвам, паведамілі БЕЛТА ў грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ).

Магільнік, або імператарскі арол, унесены ў Міжнародны Чырвоны спіс як від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Колькасць віду па ўсёй Еўропе зніжаецца. Бліжэйшыя да Беларусі месцы гнездавання гэтага рэдкага арла - у Цэнтральнай Украіне. Чаму дарослая птушка не выкормлівала птушанят, а падалася на поўнач - невядома.

Абяссіленая птушка зрабіла вымушаны прыпынак пад Магілёвам, на школьным стадыёне ў аграгарадку Вішоў Бялыніцкага раёна. Арла сфатаграфавалі, вызначылі від з дапамогай спецыялістаў АПБ. Настаўнікі абзванілі розныя інстанцыі. У выніку ў школу прыехалі супрацоўнікі Магілёўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі разам са спецыялістам Магілёўскага заасада, злавілі птушку і адвезлі ў заасад. Паводле слоў супрацоўнікаў, птушка выглядае здаровай, проста аслабленай. Яны спадзяюцца, што за некалькі дзён арол адновіць сілы і яго можна будзе адпусціць.

У спісе відаў птушак Беларусі арол-магільнік лічыцца, але дакументальных пацвярджэнняў раней не было. У 1981 годзе птушку адзначылі арнітолагі ў час улікаў, але не сфатаграфавалі, а гэты від вельмі падобны да іншых арлоў. Другі раз магільніка на нашай тэрыторыі адзначылі ў верасні 2014 года: птушку ніхто не бачыў, але гэты венгерскі арол меў спадарожнікавы перадатчык. Таму гэта першая дакументаваная рэгістрацыя віду ў Беларусі.

"Гісторыя гэтага магільніка сапраўды незвычайная: дзякуючы зладжанай рабоце розных людзей арол быў выратаваны, - адзначае дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі. - Не здзіўлюся, калі праз дзясятак гадоў мы будзем гаварыць і аб гнездаванні магільніка ў Беларусі. З-за пацяплення клімату лесастэпы - месцы прыроднага існавання гэтага віду - перамяшчаюцца на поўнач. Таму будзе тут гнездавацца і замест суслікаў лавіць гракоў".

АПБ просіць звяртаць увагу на незвычайных птушак. Дапамагчы ў вызначэнні віду могуць па адрасе info@ptushki.org, таксама можна самастойна вызначаць птушак у базе даных "Біяразнастайнасць Беларусі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі