Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 красавіка 2018, 15:47

Распрацавана канцэпцыя саюзнай праграмы па сацабароне насельніцтва на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях

20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Распрацавана канцэпцыя саюзнай праграмы па сацыяльнай абароне насельніцтва на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях на 2019-2022 гады. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Валерый Баханко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Распрацавана канцэпцыя саюзнай праграмы на 2019-2022 гады, яна знаходзіцца на ўзгадненні. Асаблівая ўвага ў ёй удзелена сацыяльнай абароне і медыцынскаму забеспячэнню, комплексу ахоўных мерапрыемстваў населеных пунктаў, дзе доза апрамянення можа перасягаць дапушчальныя нормы, падтрымцы сістэмы радыяцыйнага кантролю, вяртанню ў карыстанне выведзеных з абароту зямель з улікам эканамічных патрабаванняў і радыяцыйнай бяспекі", - сказаў Валерый Баханко.

Ён таксама падкрэсліў, што прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі Беларусі з'яўляецца далейшае зніжэнне рызыкі неспрыяльных наступстваў для здароўя грамадзян, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, падтрыманне на дасягнутым узроўні ахоўных мерапрыемстваў, садзейнічанне аднаўленню, устойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю пацярпелых рэгіёнаў пры забеспячэнні патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі. "Беларусь дасягнула значных поспехаў у пераадоленні наступстваў катастрофы дзякуючы прадуманай, узважанай палітыцы. За апошнія 25 гадоў у сельскагаспадарчае выкарыстанне вернута больш як 19 тыс. га зямель, або 7 працэнтаў ад выведзеных з абароту зямель", - адзначыў начальнік упраўлення.

Валерый Баханко расказаў, што ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, дзе пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС асела трэць радыенуклідаў, што выпалі на тэрыторыю Беларусі, укараняецца аўтаматызаваная сістэма радыяцыйнага і пажарнага кантролю. Пажарна-наглядальныя вышкі запаведніка будуць аснашчаны сістэмай відэаназірання, аўтаматычнымі датчыкамі задымлення, высокаадчувальнымі блокамі гама-выпрамянення, якія будуць перадаваць інфармацыю ў аператыўны цэнтр запаведніка. "Укараненне гэтай сістэмы дасць магчымасць кругласутачна ў рэжыме рэальнага часу адсочваць павышэнне ўзроўню радыяцыйнага фону і магчымасць з'яўлення задымлення на тэрыторыі запаведніка", - растлумачыў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі