Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 снежня 2017, 13:13

"Расатам" дапаможа падрыхтаваць 600 спецыялістаў для Беларускай АЭС

6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржкарпарацыя "Расатам" дапаможа падрыхтаваць 600 спецыялістаў для Беларускай АЭС, паведаміў дырэктар адукацыйных праграм Дэпартамента кіравання персаналам "Расатам" Валерый Карэзін сёння ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

Падрыхтоўка высокакваліфікаванага персаналу для гарантавання бяспечнай і эфектыўнай эксплуатацыі атамнай электрастанцыі з'яўляецца часткай кантракта на будаўніцтва Беларускай АЭС. "У адпаведнасці з гэтым кантрактам расійскі бок павінен падрыхтаваць 600 беларускіх спецыялістаў, у тым ліку 431 чалавека аператыўнага персаналу, 128 чалавек персаналу тэхнічнага абслугоўвання і рамонту і 41 чалавека персаналу інжынернай падтрымкі і інструктараў", - растлумачыў Валерый Карэзін.

Правядзенне навучання (тэарэтычнае навучанне, стажыроўка, практыка) запланавана як на тэрыторыі Расіі, так і ў Беларусі. Да гэтага часу каля 100 спецыялістаў ужо скончылі падрыхтоўку.

Адзін з важных этапаў падрыхтоўкі - стажыроўка эксплуатацыйнага персаналу на дзеючых атамных электрастанцыях. Для такой стажыроўкі выбраны самы сучасны з уведзеных у эксплуатацыю энергаблок праекта ВВЭР-1200 пакалення 3+ на Новаваронежскай АЭС.

Правядзенне стажыроўкі на Новаваронежскай АЭС было запланавана на 2016-2017 гады для 261 спецыяліста Беларускай АЭС. Так, у 2016 годзе цалкам прайшлі стажыроўку 72 спецыялісты, у 2017 годзе - 139 спецыялістаў. Цяпер праходзяць стажыроўку 47 спецыялістаў і 4 снежня адбыўся заезд апошняй групы спецыялістаў. Такім чынам, стажыроўка эксплуатацыйнага персаналу Беларускай АЭС на Новаваронежскай АЭС у 2017 годзе выканана ў запланаваным аб'ёме.

Плануецца, што ўсяго на Беларускай АЭС у штатным раскладзе будзе 2 321 спецыяліст.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі