Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
09 кастрычніка 2018, 14:45

Работнікі міністэрстваў і ведамстваў Беларусі прышчэпліваюцца ад грыпу

9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работнікі міністэрстваў і ведамстваў Беларусі прышчэпліваюцца ад грыпу, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.

У краіне праходзіць адпаведная акцыя. Сёння прышчэпкі супраць грыпу атрымалі, у прыватнасці, супрацоўнікі Міністэрства аховы здароўя, Мінэканомікі, Мінлясгаса, Мінбудархітэктуры.

Масавая кампанія па вакцынацыі стартавала 1 кастрычніка. Усе існуючыя ў Беларусі вакцыны супраць грыпу зарэгістраваны і дазволены да выкарыстання. Гэта высокаэфектыўныя і бяспечныя імунабіялагічныя лекавыя сродкі, якія змяшчаюць актуальныя штамы віруса.

Паводле слоў міністра аховы здароўя Валерыя Малашкі, вакцынацыя 40 працэнтаў насельніцтва дасць магчымасць стварыць даволі добрую імунную праслойку, тым самым процістаяць вірусу грыпу ў гэтым сезоне.

У першую чаргу прышчэпліваюць людзей з груп высокай рызыкі наступстваў ад грыпознай інфекцыі, у тым ліку дзяцей ад 6 месяцаў да 3 гадоў, дзяцей ад 3 гадоў і дарослых з хранічнымі захворваннямі, людзей з імунасупрэсіяй, асоб старэйшых за 65 гадоў, цяжарных жанчын. Прышчэпкі атрымліваюць людзі з груп высокай рызыкі заражэння грыпам, напрыклад, школьнікі ад 6 да 16 гадоў, медработнікі, асобы з устаноў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей і дарослых. Гэта датычыцца і работнікаў сферы бытавога абслугоўвання, устаноў адукацыі, гандлю, грамадскага харчавання, транспарту і якія знаходзяцца ў кантакце з дзецьмі да 6 месяцаў.

Дзякуючы вакцынацыі гэтых груп насельніцтва, а таксама работнікаў вялікіх прадпрыемстваў апошнія гады ў краіне невысокі ўзровень захваральнасці як сярод дарослых, так і дзяцей.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі