Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 чэрвеня 2018, 16:24

Прапановы аб новым павышэнні пенсійнага ўзросту для жанчын не прапрацоўваюцца - Кавалькоў

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прапановы аб новым павышэнні пенсійнага ўзросту для жанчын не прапрацоўваюцца. Аб гэтым заявіў сёння намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў на анлайн-канферэнцыі, якая праходзіць на сайтах БЕЛТА і міністэрства.

Нядаўна ў СМІ з'явілася інфармацыя, што павышэнне пенсійнага ўзросту для жанчын (да 63 гадоў, як і ў мужчын) можа прадоўжыцца пасля 2022 года. Верагоднасць гэтага Валерый Кавалькоў не пацвердзіў. "Прапановы па гэтым пытанні цяпер не прапрацоўваюцца", - сказаў ён. Тое ж, паводле слоў намесніка міністра, датычыцца і тэмы змянення парадку выплат працуючым пенсіянерам - на сённяшні дзень яна не абмяркоўваецца.

Прэзідэнт Беларусі 11 красавіка 2016 года падпісаў указ нумар 137 "Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння", які прадугледжвае паэтапнае штогадовае павышэнне на 6 месяцаў агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту і прадугледжвае, што да 1 студзеня 2022 года мужчыны будуць выходзіць на пенсію ў 63 гады, а жанчыны - у 58 гадоў. Указ уступіў у сілу 1 студзеня мінулага года. Такім чынам, з 1 студзеня 2018 года для мужчын узрост выхаду на заслужаны адпачынак складае 61 год (у другім паўгоддзі пенсія можа быць назначана народжаным з 1 ліпеня па 31 снежня 1957 года), а для жанчын - 56 гадоў (у другім паўгоддзі пенсія можа быць назначана народжаным з 1 ліпеня па 31 снежня 1962 года). Аналагічна (на 3 гады за 6 гадоў) павялічаны ўзрост, які дае права на льготныя працоўныя пенсіі і пенсіі за выслугу гадоў. Суразмерна агульнаграмадзянскаму будзе паступова павышацца гранічны ўзрост знаходжання на ваеннай службе ваеннаслужачых.

Паводле ацэнкі, да 2022 года пенсія па ўзросце будзе назначацца прыкладна 55 тыс. чалавек штогадова. Па меры павышэння пенсійнага ўзросту адпаведна павялічваецца і перадпенсійны ўзрост. У Беларусі ўстаноўлены гарантыі занятасці для гэтай катэгорыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі