Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 лютага 2019, 17:52

Праект закона аб персанальных даных плануецца ўнесці ў парламент у красавіку

11 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект закона аб персанальных даных плануецца ўнесці ў парламент у красавіку, паведаміў журналістам у прэс-цэнтры БЕЛТА дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў.

"План падрыхтоўкі законапраектаў на 2019 год вызначае тэрмін унясення гэтага законапраекта ў парламент - красавік бягучага года. Але, як вы разумееце, план не догма, гэта кіраўніцтва да дзеяння. Калі ўсе пазіцыі будуць вывераны і адпавядаць патрабаванням сённяшняга дня, то законапраект паступіць у парламент", - сказаў Вадзім Іпатаў.

Паводле яго слоў, праект закона з'яўляецца цэласным сістэмным дакументам, дзе будуць растлумачвацца ў тым ліку тэрміналагічныя пытанні. "Дакумент выразна вызначае, што такое персанальныя даныя, вызначае правілы гульні для ўсіх суб'ектаў збору, апрацоўкі, перадачы персанальных даных. Ён выразна акрэслівае правы фізічных асоб, як павінны апрацоўвацца нашы персанальныя даныя, як яны павінны абараняцца, агаворваецца права запатрабаваць, каб персанальныя даныя былі выключаны з усіх баз даных. У дакуменце размова ідзе і аб стварэнні ўпаўнаважанага органа, які павінен будзе забяспечыць нагляд за выкананнем заканадаўства ў гэтай сферы", - адзначыў дырэктар цэнтра.

Вадзім Іпатаў таксама дадаў, што Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў у частцы высокіх тэхналогій працуе яшчэ над адным законапраектам, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў у закон аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі, прыняты ў 2008 годзе. "Але для таго, каб падступіцца да гэтага дакумента і зрабіць нарматыўна-прававы акт высокага ўзроўню, неабходна дэталёва вывучыць гэту сферу. У бягучым годзе цэнтр будзе праводзіць адпаведную аналітычную і навукова-даследчую работу пры ўдзеле зацікаўленых, дзе мы хочам яшчэ раз паглядзець на гэты закон, у чым яго праблемы, дзе прабелы, каб яго асучасніць", - падкрэсліў ён.

Акрамя таго, у адпаведнасці з планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2019 год пачалася ўжо работа над унясеннем змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны кодэкс у частцы адказнасці за правапарушэнні ў сферы высокіх тэхналогій.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі