12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Група прадстаўнікоў краін Садружнасці і супрацоўнікаў Выканаўчага камітэта СНД 17 красавіка прыме ўдзел у акцыі "Тыдзень лесу", якая праводзіцца ў Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Выканкама СНД.
"У Жодзінскім лясніцтве Смалявіцкага лясгаса Мінскай вобласці на дзялянцы плошчай каля 3 га будуць высаджаны саджанцы хваёвых і ліставых парод дрэў. Пачынаючы з 2008 года, калі такая акцыя была праведзена ўпершыню, супрацоўнікі Выканкама і прадстаўнікі краін СНД пасадзілі ўжо каля 25 га лесу", - расказалі ў прэс-службе.
Рэспубліканская добраахвотная акцыя "Тыдзень лесу" праводзіцца ў Беларусі з 13 па 20 красавіка па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі. Мерапрыемства прымеркавана да Года малой радзімы і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.-0-