Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 ліпеня 2018, 11:53

Праблему падтапленняў на вуліцы Рэвалюцыйнай у Мінску плануецца вырашыць за 2-3 тыдні

18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праблему падтапленняў новай пешаходнай вуліцы Рэвалюцыйная ў Мінску плануецца вырашыць на працягу 2-3 тыдняў, заявіў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар КУП "Мінская спадчына" Аляксандр Кохан.

Паводле яго слоў, цяперашняя сітуацыя звязана з тым, што з вялікім аб'ёмам вады не спраўляецца ліўневы калектар. Самы нізкі пункт размешчаны ў раёне будынкаў нумар 12 і нумар 14. "Цяпер распрацоўваюцца праектныя рашэнні, якім чынам забяспечыць адвядзенне вады. Задзейнічаны ўсе эксплуатуючыя спецыялізаваныя і праектныя арганізацыі, рашэнне да канца тыдня павінна быць. Рэалізацыя - на працягу двух-трох тыдняў", - адзначыў Аляксандр Кохан.

Адзін з варыянтаў - устаноўка дадатковых прыёмнікаў для адвядзення вады ў бок вуліц Камсамольская і Няміга. Спецыялісты правялі інспекцыю ліўневай каналізацыі. "Сеткі чыстыя, знаходзяцца ў працаздольным стане, але не спраўляюцца з тым аб'ёмам вады, якая паступае ў час моцных ападкаў", - дадаў кіраўнік "Мінскай спадчыны".

Пакуль памер нанесенага ўрону ацэньваецца, прымаюцца часовыя меры, каб пазбегнуць далейшых падтапленняў размешчаных на першых паверхах і ў падвальных памяшканнях кафэ, рэстаранаў, аб'ектаў гандлю і паслуг. У самым нізкім месцы вуліцы зроблены агароджы ўваходаў з выкарыстаннем у тым ліку мяшкоў з пяском. "Гэта ў нейкай ступені дало магчымасць прадухіліць паступленне вады ва ўстановы. Цалкам выключыць падтапленні пакуль не змаглі. Дадаткова сёння яшчэ будуць устаноўлены абмежаванні ў выглядзе шчытоў на перыяд магчымых ліўняў", - растлумачыў Аляксандр Кохан.

Па фактах затапленняў складаюцца акты, каб у далейшым правесці аднаўленчыя работы.

Новая пешаходная зона з'явілася ў горадзе ў пачатку ліпеня. Ёю стала частка вуліцы Камсамольская ад вуліцы Інтэрнацыянальная да вуліцы Няміга і вуліца Рэвалюцыйная. Тут устаноўлены кованыя ліхтары, лаўкі, пакладзена гранітная брусчатка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі