7 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Планава-разліковыя цэны на жыллёва-камунальныя паслугі з 2020 года будуць фарміравацца і зацвярджацца на сярэднетэрміновую перспектыву (тры гады) з дыферэнцыяцыяй па гадах. Адпаведная пастанова Савета Міністраў ад 4 лістапада 2019 года нумар 744 афіцыйна апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Планава-разліковая цана з'яўляецца асновай для планавання і фінансавання работы арганізацый ЖКГ. Калі паслуга субсідзіруецца з бюджэту, планава-разліковая цана дапамагае вызначыць нарматыў субсідзіравання (колькі трэба дадаць грошай з бюджэту, каб кампенсаваць затраты на прадастаўленне гэтай паслугі).
Згодна з пастановай, планава-разліковыя цэны на жыллёва-камунальныя паслугі на першы год трохгадовага перыяду разлічваюцца па спецыяльнай формуле, а на наступныя два гады - шляхам індэксацыі па формуле.
Устаноўлена таксама, што калі рэалізуецца інвестпраект, накіраваны на зніжэнне затрат, мадэрнізацыю вытворчасці пры аказанні ЖКП, за выключэннем фінансуемых за кошт бюджэту, планава-разліковыя цэны на жыллёва-камунальныя паслугі фарміруюцца з улікам перыяду акупнасці гэтых інвестыцый.
Планава-разліковыя цэны фарміруюцца арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў месячны тэрмін пасля вызначэння Міністэрствам эканомікі прагнозных макраэканамічных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на сярэднетэрміновую перспектыву.
Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.-0-