Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 лютага 2019, 11:31

Пяць гарадоў Беларусі ў 2018 годзе распрацавалі планы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў

7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пяць гарадоў Беларусі ў 2018 годзе распрацавалі планы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў у адпаведнасці з міжнароднай ініцыятывай "Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі", паведамілі БЕЛТА ў МГА "Экапартнёрства".

"Гэта ініцыятыва становіцца ўсё больш папулярнай сярод беларускіх гарадоў. На пачатак 2019 года да яе далучыліся 45 гарадоў і раёнаў Беларусі. МГА "Экапартнёрства" як структура падтрымкі Пагаднення мэраў аказвае гарадам кансультацыі і разнастайную дапамогу", - расказалі ў грамадскай арганізацыі.

Пасля далучэння да Пагаднення мэраў горад абавязуецца на працягу двух гадоў падлічыць выкіды парніковых газаў на сваёй тэрыторыі і распрацаваць план дзеянняў для іх скарачэння і адаптацыі да змянення клімату. Падрыхтоўка гэтых дакументаў - складаны працэс, які патрабуе далучэння прадстаўнікоў усіх сфер дзейнасці: ад грамадскага транспарту да сельскай гаспадаркі. На аснове сабраных даных распрацоўваюцца мерапрыемствы і падлічваецца магчымы эфект па скарачэнні выкідаў парніковых газаў.

У 2018 годзе пяць беларускіх гарадоў прыцягнулі экспертаў МГА "Экапартнёрства" для складання планаў дзеянняў устойлівага энергетычнага развіцця і клімату (ПДУЭРК) і распрацавалі іх. Гэта Клічаў, Краснаполле, Быхаў, Масты, Віцебск. Падрыхтаваныя дакументы апісваюць мерапрыемствы, якія дапамогуць скараціць выкіды парніковых газаў на 30 працэнтаў да 2030 года і змякчыць наступствы змянення клімату. У далейшым планы дзеянняў устойлівага энергетычнага развіцця і клімату могуць дапамагчы прыцягнуць фінансаванне міжнародных інвестараў.

"Асабліва радуе, што гарады ўсё актыўней далучаюць розныя зацікаўленыя бакі ў распрацоўку ПДУЭРК, - адзначыла каардынатар праектаў МГА "Экапартнёрства" Наталля Андрэенка. - Такі падыход дае магчымасць гораду пашырыць кола пытанняў, што вырашаюцца ў адпаведнасці з Пагадненнем мэраў. Як правіла, распрацаваныя планы ўключаюць мерапрыемствы па паляпшэнні энергаэфектыўнасці будынкаў, выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц энергіі, рэканструкцыі ліўневай каналізацыі для ўстаранення падтапленняў у час экстрэмальных ападкаў, прафілактыку сардэчна-сасудзістых захворванняў для павелічэння ўстойлівасці людзей да зменлівага надвор'я і хваль спёкі, інфармаванне аб павышанай рызыцы перадаваемых кляшчамі інфекцый".

Дапамога гарадам-удзельнікам была аказана дзякуючы праекту "Падтрымка ініцыятывы "Пагадненне мэраў" у Беларусі", што фінансуецца Еўрапейскім саюзам. За 2018 год па праекце таксама пачалі рэалізоўвацца шэсць мясцовых ініцыятыў па скарачэнні выкідаў парніковых газаў і адаптацыі да змянення клімату ад грамадскіх арганізацый і чатыры - ад мясцовых органаў улады. Некаторыя з ініцыятыў былі рэалізаваны да канца 2018 года, астатнія будуць завершаны ў першым квартале 2019 года. У Кобрыне адкрылі веладарожку даўжынёй 7,5 км, у Брэсце мадэрнізавалі тры гарадскія кацельні, у Чавусах азелянілі жылы мікрараён, стварыўшы інфраструктуру для веласіпедных і пешых прагулак. У Вілейцы ўстанавілі велапаркоўкі і распрацавалі карту веламаршрутаў, у Бярозаўскім раёне стварылі дэманстрацыйную пляцоўку альтэрнатыўных крыніц энергіі, у Браславе адкрылі рэсурсны цэнтр падтрымкі Пагаднення мэраў. Усе мясцовыя ініцыятывы суправаджаліся мерапрыемствамі па паляпшэнні інфармаванасці жыхароў па пытаннях энергазберажэння і змянення клімату.

Пачаў працаваць Клуб Пагаднення мэраў, які дае магчымасць гарадам-удзельнікам абменьвацца вопытам і перадавымі практыкамі па ўстойлівай энергетыцы, рэалізоўваць сумесныя праекты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі