Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 ліпеня 2017, 12:16

Парламентарыі АБСЕ падтрымалі рэзалюцыю Беларусі па псіхаактыўных рэчывах

7 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская рэзалюцыя "Распрацоўка своечасовых і эфектыўных заканадаўчых, нарматыўных, адміністрацыйных мер рэагавання на з'яўленне новых псіхаактыўных рэчываў" падтрымана большасцю галасоў у час летняй сесіі ПА АБСЕ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Тэма няпростая, і мы разумеем, што выпрацаваць агульныя аператыўныя падыходы рэагавання будзе няпроста, але разам з тым прыемна, што нашу рэзалюцыю падтрымалі большасцю галасоў. Гэта сведчыць аб тым, што тэму мы выбралі актуальную і вельмі важную для ўсёй прасторы АБСЕ", - падкрэсліў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Беларусі Баляслаў Пірштук пасля прадстаўлення рэзалюцыі парламентарыям.

Баляслаў Пірштук звярнуў увагу, што за апошнія два-тры гады колькасць людзей, якія прымаюць псіхаактыўныя рэчывы, павялічылася ў два разы. "І гэта пацвярджаюць эксперты ААН і АБСЕ. Выявіць такія рэчывы складана, таму што іх цяжка зарэгістраваць - яны хутка з'яўляюцца, а пакуль устанаўліваюцца, з'яўляюцца новыя. Такія рэчы трэба апярэджваць", - адзначыў ён.

Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусь гатова прымаць актыўны ўдзел у дзейнасці АБСЕ. "Нам трэба выбіраць тыя тэмы, якія характэрны для нас, якія аказваюць рэальны ўплыў на Беларусь. Нам хацелася б больш актыўна працаваць менавіта ў эканамічным блоку, каб мы дзейнічалі больш эфектыўна ў рэгіёне АБСЕ, у Еўрасаюзе, прыцягвалі і патэнцыяльных інвестараў, і новыя тэхналогіі", - растлумачыў ён.

Рэзюмуючы, Баляслаў Пірштук адзначыў, што Беларусь павінна працаваць на пляцоўцы АБСЕ сістэмна. "Мы павінны не рыўкамі - ад сесіі да сесіі - а сістэмна працаваць над тымі пытаннямі, якія могуць паўплываць на эфектыўнасць нашых дзеянняў на тэрыторыі краіны", - заявіў ён.

Летняя сесія ПА АБСЕ праходзіць у Мінску 5-9 ліпеня. Яна прысвечана ўмацаванню ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і працвітання ў рэгіёне. Парадак дня сесіі складваецца з дакладаў трох агульных камітэтаў: па палітычных пытаннях і бяспецы; па эканамічных пытаннях, навуцы, тэхналогіі і навакольным асяроддзі; па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях. Рэзалюцыі, прынятыя па выніках дыскусій, будуць пакладзены ў аснову Мінскай дэкларацыі, у якой будуць сфармуляваны рэкамендацыі для нацыянальных урадаў, парламентаў і міжнароднай супольнасці па рэагаванні на актуальныя выклікі і пагрозы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі