Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 жніўня 2016, 16:37

"Паланэз" прынята на ўзбраенне беларускай арміі

22 жніўня, Асіповічы /Эдуард Мартынюк - БЕЛТА/. Рэактыўная сістэма залпавага агню (РСЗА) "Паланэз" прынята на ўзбраенне 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады Узброеных Сіл Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сістэма "Паланэз" прызначана для аснашчэння рэактыўнага дывізіёна брыгады. РСЗА дазволіць значна павысіць баявую магчымасць ракетных войскаў і артылерыі і абарончыя магчымасці дзяржавы ў цэлым", - сказаў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Алег Белаконеў.

Галоўныя тактыка-тэхнічныя характарыстыкі "Паланэза" адпавядаюць лепшым узорам замежных сістэм рэактыўнай артылерыі. "Многія тэхнічныя рашэнні, рэалізаваныя ў РСЗА беларускімі распрацоўшчыкамі, не маюць аналагаў у свеце. Прыняцце новых узораў узбраення з'яўляецца адным з элементаў стратэгічнага стрымлівання. Рэактыўныя сістэмы залпавага агню з'яўляюцца найбольш магутным сродкам агнявой падтрымкі наземных груповак войскаў", - адзначыў Алег Белаконеў.

Унікальныя характарыстыкі гэтай сістэмы былі пацверджаны ў ходзе баявых пускаў у Гомельскай вобласці разлікамі 336-й рэактыўнай брыгады. "Праведзена два пускі ракет, цэлі паразілі, выпрабаванні пацвердзілі эфектыўнасць і надзейнасць сістэмы. Разлікі, якія абслугоўваюць РСЗА, паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Ваеннаслужачыя праходзілі спецыяльнае навучанне больш за два месяцы на заводзе-вытворцы", - расказаў камандзір 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады палкоўнік Аляксандр Цішкевіч.

РСЗА "Паланэз" прызначана для паражэння адкрыта размешчанай і ўкрытай жывой сілы, небраніраванай і браніраванай ваеннай і ваенна-спецыяльнай тэхнікі, артылерыі, ракетных і зенітных ракетных комплексаў, авіяцыйнай тэхнікі на аэрадромах базіравання і іншых аб'ектаў на далёкасці ад 50 км да 200 км з высокай дакладнасцю.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі