Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 кастрычніка 2018, 12:19

Паказчыкі пастаноўкі на ўлік па сямейнай нядобранадзейнасці ў Беларусі перагледзяць

17 кастрычніка, Мінск /Надзея Мацвеева - БЕЛТА/. Новае палажэнне, якое вызначае падыходы да пастаноўкі на ўлік па сямейнай нядобранадзейнасці, распрацоўваецца ў Беларусі, паведаміла сёння журналістам намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Мінгарвыканкама Алена Герасіменка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У нарматыўным прававым акце будуць вызначаны паказчыкі, па якіх будзе лічыцца, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС). Змяненні выкліканы неабходнасцю актуалізацыі заканадаўчай базы.

"Работа па дэкрэце нумар 18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем'ях" патрабуе ўдасканалення, што ў тым ліку звязана з павелічэннем колькасці зваротаў грамадзян. Як правіла, рашэнні аб пастаноўцы на ўлік, пазбаўленні бацькоўскіх правоў абгрунтаваныя. Гэта не імкненне навесіць ярлык, а дапамога сям'і, якая апынулася ў крызіснай сітуацыі. Тыя інструкцыі, якія пісаліся больш за 10 гадоў таму, можа, недзе ўстарэлі, хоць самі крытэрыі сацыяльнага недабрабыту, неналежнага выхавання прапісаны ў арт. 67 Кодэкса аб шлюбе і сям'і. Яны патрабуюць далейшай канкрэтызацыі. Новую інструкцыю распрацоўвае Міністэрства адукацыі, спецыялісты ўносяць свае прапановы, заўвагі і дапаўненні", - адзначыла Алена Герасіменка.

У прыватнасці, прапануецца выключыць як страціўшы актуальнасць паказчык, які датычыцца пакідання дзіцяці да 10 гадоў аднаго на вуліцы, дапоўніць дакумент нормай аб атрыманні дзіцем базавай адукацыі ў абавязковым парадку. "Некаторыя бацькі забіраюць дзяцей са школы, лічачы, што змогуць вучыць іх дома самі або дыстанцыйна. Гэта падстава прыйсці ў сям'ю", - дадала Алена Герасіменка.

Усяго ў Мінску пражываюць каля 360 тыс. дзяцей. Прызнана, што амаль 2 тыс. з іх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. "Адна сям'я можа стаяць на ўліку паўгода да нармалізацыі сітуацыі, другой патрэбны год або два, каб за імі назіралі", - дадала Алена Герасіменка.

Дэкрэт нумар 18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем'ях" прыняты 12 гадоў таму. На думку спецыялістаў, дакумент дапамог пераадолець многія праблемы. З-за таго, што з боку органаў прафілактыкі праводзіцца актыўная работа з сем'ямі, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, зменшылася колькасць бацькоў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі