Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 лютага 2019, 16:12

Падрыхтоўка праектаў нарматыўных прававых актаў выйдзе на прынцыпова новы ўзровень - Іпатаў

7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Працэс падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў павінен выйсці на прынцыпова новы ўзровень, заявіў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗПД) Вадзім Іпатаў на рэспубліканскім семінары ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

З 1 лютага ўступіў у сілу новы закон "Аб нарматыўных прававых актах" - дарожная карта ў сферы нарматворчасці. Закон прызначаны асучасніць нарматворчы працэс і ўнесці ў яго запатрабаваныя часам карэктывы. "Новыя патрабаванні і інстытуты павінны вывесці працэс падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў на прынцыпова новы ўзровень і забяспечыць стабільнасць нашай нацыянальнай сістэмы заканадаўства", - сказаў Вадзім Іпатаў.

Дырэктар НЦЗПД спыніўся на асноўных навацыях. У прыватнасці, для забеспячэння стабільнасці прававой сістэмы замацавана забарона на змяненне нарматыўнага прававога акта раней, чым праз год пасля яго прыняцця або ўнясення ў яго апошніх змяненняў.

Рэгламентаваны парадак рэалізацыі пакетнага прынцыпу падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў. Перш за ўсё ён будзе прымяняцца пры ўвядзенні прынцыпова новых падыходаў прававога рэгулявання ў пэўнай сферы грамадскіх адносін або змяненні канцэптуальных палажэнняў заканадаўства. Ужо ў бягучым годзе прадугледжана выкарыстанне пакетнага прынцыпу ў прымяненні да двух новых законаў: "Аб самарэгулюемых арганізацыях", "Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў". Разам з тым не выключана падрыхтоўка "пакетаў" па іншых законапраектах, прадугледжаных планам падрыхтоўкі на 2019 год.

Акрамя таго, замацаваны механізмы, накіраваныя на пашырэнне ўдзелу грамадзян і юрыдычных асоб у нарматворчым працэсе. Размова ідзе аб публічным абмеркаванні праектаў нарматыўных прававых актаў, прагназаванні наступстваў іх прыняцця і прававы маніторынг. Што датычыцца публічнага абмеркавання, яго павінны праходзіць у першую чаргу праекты заканадаўчых актаў і пастаноў Саўміна, якія закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асоб і ўстанаўліваюць новыя або прынцыпова змяняюць існуючыя падыходы да прававога рэгулявання. Таксама грамадскія кансультацыі павінны праводзіцца па праектах актаў заканадаўства, якія могуць аказаць значны ўплыў на ўмовы ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Праекты выносяцца на публічнае абмеркаванне, як правіла, толькі пасля ўзгаднення з зацікаўленымі дзяржорганамі і ведамствамі.

Паводле слоў Вадзіма Іпатава, сёння ўсё больш дзяржорганаў звяртаецца да меркавання грамадскасці шляхам правядзення публічных кансультацый пры распрацоўцы праектаў сваіх рашэнняў. Найбольшы водгук атрымліваюць тыя праекты, якія закранаюць актуальныя сацыяльныя пытанні і жыццёвыя праблемы.

Семінар, прымеркаваны да ўступлення ў сілу закона "Аб нарматыўных прававых актах", арганізаваны пры садзейнічанні Савета Еўропы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі