Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 чэрвеня 2013, 13:09

Ордэнаў, медалёў і ганаровых званняў удастоены 77 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці ў Беларусі

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ордэнаў, медалёў і ганаровых званняў удастоены 77 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў і высокае прафесійнае майстэрства. Як паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 чэрвеня падпісаў указ нумар 279 "Аб узнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі".

Ордэнам Айчыны III ступені ўзнагароджаны генеральны дырэктар беларуска-германскага сумеснага прадпрыемства "Санта Імпэкс Брэст" Аляксандр Машэнскі і генеральны дырэктар ТАА "Трайпл" Юрый Чыж.

Начальнік упраўлення дэлімітацыі і дэмаркацыі дзяржаўнай граніцы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Аляксандр Архіпаў узнагароджаны ордэнам "За службу Радзіме" II ступені.

У ліку ўзнагароджаных ордэнам Пашаны - першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Віктар Садоўскі, ордэнам Францыска Скарыны - мастак-жывапісец член Беларускага саюза мастакоў Віктар Грамыка, медалём "За працоўныя заслугі" - вадзіцель аўтамабіля гродзенскага гарадскога ўнітарнага вытворчага прадпрыемства "Спецыялізаваная аўтамабільная гаспадарка" Мечыслаў Амяльянчык, медалём Францыска Скарыны - старшыня савета грамадскага аб'яднання "Беларускі фонд культуры" Уладзімір Гілеп.

Ганаровае званне "Народны артыст Беларусі" прысвоена артысту-вакалісту (салісту) - вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Васілю Кавальчуку.

У ліку тых, хто ўдастоены ганаровага звання "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь" - артыст-вакаліст, вядучы майстар сцэны заслужанага калектыву "Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь" Наталля Тамела.

Ганаровага звання "Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь" удастоены мастак-жывапісец член Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Гардзеенка.

Прафесару кафедры лагістыкі і цэнавай палітыкі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Ірыне Паляшчук прысвоена ганаровае званне "Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь".

Заслужаным работнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь стаў прафесар кафедры аграбізнесу Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі Віктар Абуховіч.

Першаму намесніку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Івану Жуку прысвоена ганаровае званне "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь".

Прэзідэнт таксама прысвоіў ганаровае званне "Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь" трэнеру-выкладчыку па веласпорту Гомельскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву нумар 1 Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства "Дынама" Анатолю Барцу.

Акрамя таго, у адпаведнасці з распараджэннем кіраўніка дзяржавы аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта Беларусі старшыні Докшыцкага райвыканкама Алегу Пінчуку і 6 супрацоўнікам Камітэта дзяржкантролю.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі