Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 снежня 2017, 19:13

НАН назвала асноўныя дасягненні ў Год навукі

22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў расказаў сёння журналістам аб асноўных дасягненнях беларускіх вучоных у Год навукі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Да самых значных дасягненняў беларускай навукі, пра якія гаварылася на другім З'ездзе вучоных, можна аднесці распрацоўку партатыўнага суперкамп'ютара, які выконвае да 20 трлн аперацый у секунду і ў 2,5 раза перасягае па магутнасці зыходны суперкамп'ютар "СКІФ", але значна меншага памеру. Важнай падзеяй стала распрацоўка электрамабіля і малога персанальнага электратранспарту, работа над уласным накапляльнікам энергіі. "Мы працуем над удасканаленнем электрамабіля. Думаю, у наступным годзе зможам яго пазіцыянаваць як нашу комплексную беларускую распрацоўку", - сказаў Уладзімір Гусакоў.

Старшыня Прэзідыума НАН вылучыў стварэнне беларускай нацыянальнай сістэмы ідэнтыфікацыі, маркіравання і суправаджэння тавараў і транспартных сродкаў, што дае магчымасць пазбегнуць фальсіфікацыі тавараў, распрацоўку дактрыны харчовай бяспекі да 2030 года як базавага дакумента развіцця АПК, ДНК-пашпартызацыю чалавека, якая дае магчымасць рэдагаваць генны механізм і перайсці да персаніфікаванай медыцыны, у тым ліку з выкарыстаннем ствалавых клетак.

Сярод дасягненняў айчынных вучоных таксама стварэнне серыі высокаэфектыўных лекавых прэпаратаў, новых сартоў сельскагаспадарчых раслін, машын для АПК. Беларускія вучоныя займаліся касмічнымі даследаваннямі і пачалі работу над новым касмічным апаратам дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Адкрыццё сусветнага значэння - у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці знойдзены самыя старажытныя паселішчы славян.

"Па шэрагу навуковых даследаванняў атрыманы вынікі, якія маюць сусветнае прызнанне. Гэта штучныя алмазы, высокаэфектыўныя вітамінныя прэпараты, хімічныя і біяхімічныя субстанцыі, мікрабіялагічныя прэпараты і іншыя. Далёка за межамі краіны вядомы распрацоўкі беларускіх вучоных у галіне лазерных і плазменных тэхналогій, аптычных і лазерных прыбораў, новых матэрыялаў з асаблівымі ўласцівасцямі", - адзначыў Уладзімір Гусакоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі