Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 сакавіка 2018, 16:05

Мытныя органы Беларусі рэалізуюць тры праекты міжнароднай тэхдапамогі

12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тры праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі, якія плануюцца да рэалізацыі мытнымі органамі Беларусі, адобраны Еўрапейскім саюзам. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Дзяржаўным мытным камітэце.

Мэтай аднаго з праектаў - "Паляпшэнне аперацый кіравання граніцай у аўтадарожных пунктах пропуску "Брузгі" і "Бераставіца" - з'яўляецца паляпшэнне бяспекі на беларуска-польскай граніцы шляхам мадэрнізацыі лакальных вылічальных сетак. Уклад Еўрапейскага саюза складзе каля 1 млн еўра. Праект падтрыманы і ўзгоднены з партнёрам - Падляскім ваяводствам Польшчы.

Другі праект - "Паляпшэнне эфектыўнасці мытнага кантролю ў аўтадарожным пункце пропуску "Дамачава". Ён накіраваны на павышэнне якасці правядзення мытнага кантролю на беларуска-польскай граніцы. У яго рамках пункт пропуску "Дамачава" будзе аснашчаны вагавымяральным абсталяваннем. Партнёрам выступае Люблінскае ваяводства Польшчы.

Трэці праект "Узмацненне магчымасцей кіналагічнай службы мытных ведамстваў Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча" падтрыманы Падатковай адміністрацыяй Беластока. "Павышэнне мабільнасці груп кінолагаў дасць магчымасць з большай эфектыўнасцю ажыццяўляць кантроль за перамяшчэннем забароненых тавараў, прадаставіць значную падтрымку ў барацьбе з незаконным перамяшчэннем наркатычных сродкаў і арганізаванай злачыннасцю", - запэўнілі ў ДМК.

Праекты будуць рэалізаваны па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва "Польшча-Беларусь-Украіна" на 2014-2020 гады.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі