Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 ліпеня 2019, 09:41

МУС папярэджвае аб магчымай актыўнасці махляроў у час перапісу насельніцтва

29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. МУС папярэджвае аб магчымай актыўнасці махляроў у час перапісу насельніцтва, які пройдзе ў Беларусі ў кастрычніку. Такая інфармацыя размешчана на сайце ведамства, паведамляе БЕЛТА.

"Існуе асобны від махлярства, калі зламыснікі пад выглядам работнікаў камунальных, сацыяльных і іншых службаў пранікаюць у кватэры. Ахвярамі аферыстаў становяцца людзі любога ўзросту і сацыяльнага становішча, але часцей за ўсё гэта адзінокія пенсіянеры: ашуканцы пранікаюць у кватэры і выкрадаюць зберажэнні, - адзначылі ў МУС. - Актывізуюцца такія зламыснікі, як правіла, да планавых праверак дамоў, правядзення капітальнага рамонту, перапісу насельніцтва. Бліжэйшае такое мерапрыемства пройдзе ў Беларусі з 4 па 30 кастрычніка".

Міліцыя нагадвае аб правілах бяспекі, якія дапамогуць пазбегнуць непрыемнасцей. Трэба памятаць, што па месцы жыхарства грамадзян перапісчыкі пачнуць работу толькі з 21 кастрычніка. Задзейнічаныя ў працэдуры работнікі павінны мець пры сабе пасведчанне перапісчыка, якое дзейнічае толькі пры прад'яўленні пашпарта. Таксама ў прадстаўніка з сабой павінен быць планшэт і сумка са спецыяльным лагатыпам.

"Ні ў якім разе нельга пускаць у дом незнаёмых людзей. Нават калі вы пераканаліся ў асобе работніка, размаўляйце з ім на лесвічнай клетцы або на вуліцы. Калі просяць запасную ручку, вады і да таго падобнае, то варта зайсці ў кватэру і зачыніць дзверы. Пасля гэтага можна ўзяць тое, што трэба, і зноў выйсці да наведвальнікаў. Таксама важна не даваць свае дакументы незнаёмым людзям", - падкрэслілі ў МУС.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі