Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 лютага 2018, 14:22

Моцныя маразы ў Беларусі пратрымаюцца да канца лютага

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Моцныя маразы ў Беларусі пратрымаюцца да канца лютага, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"У апошнія дні каляндарнай зімы ў сувязі з прыходам арктычнага паветра ў Беларусі ўсталюецца вельмі халоднае надвор'е з тэмпературным фонам на 7-13 градусаў ніжэйшым за кліматычную норму. Моцныя маразы захаваюцца да канца лютага. І гэта будзе самы працяглы перыяд вельмі халоднага надвор'я ў адыходзячым зімовым сезоне", - сказалі ў Гідрамеце.

У пятніцу ўмовы надвор'я на тэрыторыі Беларусі будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў халоднай арктычнай паветранай масе. Будзе воблачна з праясненнямі, пераважна без ападкаў, толькі па паўднёвым усходзе краіны, дзе будзе адчувацца ўплыў малаактыўнага франтальнага раздзелу, пройдзе невялікі снег. За кошт нізкіх тэмператур месцамі ўтворыцца шэрань, на дарогах захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ў начны і ранішні час панізіцца да 14-20 градусаў, пры ясным небе будзе яшчэ халадней - месцамі да 21-25 градусаў. Толькі па поўдні краіны будзе 7-13 градусаў ніжэй за нуль. Днём тэмпература складзе ад мінус 3 па поўдні да мінус 12 градусаў па поўначы краіны.

"У апошнія выхадныя лютага будзе вельмі холадна, а ўлічваючы высокую вільготнасць паветра і парывісты вецер, адчуванне холаду будзе ўзмацняцца", - адзначылі ў Гідрамеце. У суботу, 24 лютага, захаваецца ўплыў халодных паветраных мас, а ў заходніх і паўднёва-ўсходніх раёнах будзе адчувацца ўплыў малаактыўных франтоў. У асобных раёнах, пераважна па паўднёвым усходзе і захадзе краіны, пройдзе кароткачасовы снег, днём чакаецца парывісты паўночна-заходні вецер і слабая мяцеліца. Тэмпература паветра складзе ў начны і ранішні час 16-23 марозу, а пры ясным небе яна панізіцца да 24-25 градусаў, па поўдні будзе 10-15 градусаў ніжэй за нуль. Днём - 7-13 марозу.

У нядзелю Беларусь у асноўным будзе знаходзіцца ў вобласці павышанага атмасфернага ціску. Будзе пераважна без ападкаў, толькі ноччу і раніцай па поўдні краіны магчымы кароткачасовы снег. Тэмпература паветра ноччу складзе 18-23 градусы марозу, месцамі пры ясным небе - 24-25, па поўдні - 14-17 градусаў ніжэй за нуль. Днём будзе 10-15 градусаў марозу.

У апошнія дні лютага на фоне павышанага атмасфернага ціску ў Беларусь прадоўжаць паступаць вельмі халодныя паветраныя масы з Арктыкі. У панядзелак, 26 лютага, у асобных раёнах, пераважна па паўночнай частцы краіны, пройдзе невялікі снег. Ноччу і раніцай чакаецца слабы туман, шэрань. На дарогах месцамі магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра ў начны і ранішні час складзе 18-23 марозу, а пры ясным небе - да мінус 24-26 градусаў. У паўднёва-заходніх раёнах будзе 14-16 градусаў ніжэй за нуль. Днём - 10-15 марозу.

У аўторак, 27 лютага, у асобных раёнах краіны пройдзе кароткачасовы снег. Тэмпература паветра ноччу складзе ў асноўным 18-24 градусы марозу, пры ясным небе яна панізіцца да 25-28, па паўднёвым захадзе краіны будзе 15-17 градусаў ніжэй за нуль. Днём чакаецца 10-17 градусаў марозу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі