Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 жніўня 2019, 14:57

Міжбанкаўская сістэма ідэнтыфікацыі будзе задзейнічана ў час перапісу насельніцтва

13 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжбанкаўская сістэма ідэнтыфікацыі (МСІ) будзе задзейнічана ў час перапісу насельніцтва 2019 года, паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні праўлення ААТ "Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя "АРІП" Наталля Шцеўніна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Створаная ў Беларусі міжбанкаўская сістэма ідэнтыфікацыі стала адказам банкаўскага сектара на неабходнасць лічбавай трансфармацыі эканомікі ў цэлым і паслужыла дадатковым імпульсам для далейшага развіцця лічбавых тэхналогій не толькі ў банкаўскім сектары, але і ў іншых галінах. У нас у кастрычніку плануецца перапіс насельніцтва. Першым этапам будзе інтэрнэт-перапіс праз МСІ. З 4 па 18 кастрычніка ўсе грамадзяне Беларусі змогуць з дапамогай рэгістрацыі праз МСІ зайсці на партал па перапісе, які распрацоўвае Белстат, і там перапісаць сваю дамашнюю гаспадарку", - сказала Наталля Шцеўніна.

Міжбанкаўская сістэма ідэнтыфікацыі была выбрана з-за высокага даверу да інфармацыі, што ў ёй змешчана, паколькі даныя правяраюцца ў дзяржаўных крыніцах. "Прайшоўшы працэдуру рэгістрацыі, чалавек атрымае перапісны ліст, дзе ўжо будуць пазначаны прозвішча, імя, імя па бацьку, асабісты нумар, дата і месца нараджэння. Застанецца дапоўніць яго адсутнай інфармацыяй - адукацыя, месца пражывання, колькі людзей з вамі пражывае і гэтак далей. МСІ дасць магчымасць максімальна спрасціць працэс", - адзначыла намеснік старшыні праўлення.

З 1 кастрычніка 2016 года ў Беларусі пачала працаваць міжбанкаўская сістэма ідэнтыфікацыі, якая дае магчымасць кліентам банкаў пасля ідэнтыфікацыі ў асабістай прысутнасці ў адным з банкаў атрымліваць абслугоўванне з дапамогай лічбавых каналаў у іншых банках Беларусі ў зручны час. У красавіку 2019 года падпісаны ўказ, які істотна пашырае функцыянал сістэмы ідэнтыфікацыі. Доступ да інфармацыі аб кліентах, што захоўваецца ў МСІ, з 21 кастрычніка 2019 года акрамя банкаў атрымаюць таксама страхавыя арганізацыі, прафесійныя ўдзельнікі рынку каштоўных папер, лізінгавыя і мікрафінансавыя арганізацыі, форэкс-кампаніі і інш. Будзе прадугледжана атрыманне доступу да МСІ дзяржорганамі, магчымасць пры правядзенні ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі кліентаў выкарыстоўваць іх біяметрычныя даныя (відэа- і фотаздымак кліента, голас). Ажыццяўляць здзелкі пры правядзенні банкаўскіх і фінансавых аперацый стане магчымым з дапамогай смарт-кантракта.

ААТ "Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя "АРІП" з'яўляецца важнай часткай не толькі фінансавага сектара, але і ўсёй інфармацыйна-плацежнай інфраструктуры Беларусі. Асноўная мэта АРІП - прадастаўленне ўдзельнікам фінансавага рынку адзінай высокатэхналагічнай інтэграванай платформы для эфектыўнага забеспячэння плацяжоў, ажыццяўлення разлікаў, прадастаўлення розных сэрвісаў, у тым ліку ў рамках агульнадзяржаўных праектаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі