Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 красавіка 2017, 17:51

Мінюст Беларусі разглядае магчымасць рэгістрацыі ІП і юрыдычных асоб толькі ў электронным выглядзе

21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства юстыцыі разглядае магчымасць рэгістрацыі суб'ектаў гаспадарання толькі ў электронным выглядзе. Аб гэтым сёння паведаміў міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, прадстаўляючы ў Савеце Рэспублікі дэкрэт нумар 2 "Аб змяненні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" ад 28 лютага 2017 года, якім удасканальваецца парадак стварэння і ліквідацыі суб'ектаў гаспадарання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адказваючы на пытанне члена Савета Рэспублікі Аксаны Кавальковай аб перспектывах далейшага спрашчэння працэдуры дзяржрэгістрацыі, міністр расказаў, што Мінюст "разглядае магчымасць рэгістрацыі па тыпавым статуце, пераходу рэгістрацыі ў выключна электронны выгляд".

Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі ўжо дзейнічае заканадаўства, якое дае магчымасць рэгістраваць ІП і юрыдычныя асобы ў электронным выглядзе. Аднак шырокага прымянення гэта пакуль не атрымала. Алег Сліжэўскі лічыць, што сітуацыя зменіцца з часам, калі прадпрымальнікі стануць часцей карыстацца электронным лічбавым подпісам. Міністр не выключыў, што ў Беларусі ў будучым прыйдуць да таго, каб адмовіцца ад пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў папяровым выглядзе.

Закранаючы дэкрэт нумар 2, Алег Сліжэўскі адзначыў, што ён паслужыць чарговым крокам у спрашчэнні ўмоў вядзення бізнесу. Асноўныя палажэнні дакумента ўступяць у сілу 3 верасня. У адпаведнасці з дэкрэтам рэгіструючы орган па жаданні прадпрымальніка будзе непасрэдна пры рэгістрацыі накіроўваць банкам інфармацыю для адкрыцця бягучага (разліковага) банкаўскага рахунку. Такім чынам, адкрывацца рахунак будзе ўжо без удзелу суб'екта гаспадарання.

У дэкрэце нумар 2 прапісаны новыя падыходы да працэдуры прызнання дзяржрэгістрацыі несапраўднай. Раней, калі высвятлялася, што суб'ект зарэгістраваны на падставе недакладных звестак, рашэнне аб прызнанні яго рэгістрацыі несапраўднай прымалася аўтаматычна. З уступленнем у сілу дэкрэта нумар 2 падыход да разгляду такіх пытанняў стане больш дэталёвым. Спецыялісты будуць вывучаць характар дапушчаных парушэнняў, ацэньваць, наколькі яны сур'ёзныя, ці пацярпелі інтарэсы дзяржавы, іншых юрыдычных асоб. Дзяржрэгістрацыя будзе прызнавацца несапраўднай у тым выпадку, калі былі дапушчаны грубыя парушэнні.

Члены Савета Рэспублікі пасля абмеркавання перспектыў рэалізацыі дэкрэта нумар 2 прынялі яго да ведама. Акрамя таго, сёння парламентарыі ратыфікавалі пратакол аб унясенні змяненняў у міжурадавую беларуска-пакістанскую канвенцыю аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў на даходы ад 23 ліпеня 2004 года, разгледзелі шэраг іншых пытанняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі