Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 кастрычніка 2018, 17:24

Міністэрства аховы здароўя растлумачыла, чаму трэба прышчэплівацца супраць грыпу штогадова

8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства аховы здароўя Беларусі растлумачыла, чаму варта рабіць прышчэпкі ад грыпу штогадова. Адпаведная інфармацыя размешчана на сайце Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, паведамляе БЕЛТА.

Як растлумачылі спецыялісты, ахоўныя антыцелы, выпрацаваныя пасля прышчэпкі, звычайна на працягу 6-12 месяцаў пасля вакцынацыі разбураюцца або іх колькасць становіцца недастатковай для аховы ад грыпу ў новым сезоне. Акрамя таго, штогадова абнаўляюцца варыянты вірусаў грыпу, якія ўваходзяць у склад вакцыны. Таму прышчэплівацца мэтазгодна кожны год.

Імунітэт развіваецца праз 14-21 дзень пасля вакцынацыі. Разам з тым, як адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя, надзейная ахова залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку ўзросту, стану здароўя пацыента, індывідуальных асаблівасцей. У сярэднім з 100 прышчэпленых 70-98 чалавек не захварэюць на грып. У астатніх захворванне будзе праходзіць у лёгкай форме і без ускладненняў.

За кошт бюджэтных сродкаў і на платнай аснове ў гэтым годзе прымяняецца інактываваная вакцына "Грыпол плюс" (вытворчасці Расіі, уводзіцца ін'екцыйна). На платнай аснове - інактываваныя "Ваксігрып" і "ВаксігрыпТэтра" (Францыя), "Інфлювак" (Нідэрланды), яны ўводзяцца ін'екцыйна; жывая вакцына "Ультравак" (Расія, уводзіцца шляхам распылення ў насавыя хады).

У Міністэрстве аховы здароўя адзначылі, што ў выніку вакцынацыі на грып не захварэеш. У працэсе вытворчасці вакцынныя вірусы пазбаўляюцца ўласцівасці выклікаць захворванне, аднак застаецца здольнасць фарміраваць ахову.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі