Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 ліпеня 2018, 09:00

Мінадукацыі назвала самыя запатрабаваныя спецыяльнасці бюджэту

19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Найбольш запатрабаванымі спецыяльнасцямі ў абітурыентаў пры падачы дакументаў на бюджэт сталі "міжнароднае права", "інфарматыка і тэхналогіі праграміравання", "сучасныя замежныя мовы (пераклад)", "стаматалогія", шэраг педагагічных і тэхнічных спецыяльнасцей. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава.

"Найбольш запатрабаванымі спецыяльнасцямі ў абітурыентаў пры падачы дакументаў на бюджэт сталі "міжнароднае права", "інфарматыка і тэхналогіі праграміравання", "сучасныя замежныя мовы (пераклад)", "стаматалогія", шэраг педагагічных і тэхнічных спецыяльнасцей. Характэрна, узровень падрыхтаванасці і матываванасці абітурыентаў расце", - сказала яна.

Паводле слоў першага намесніка міністра, пры падачы дакументаў абітурыенты ахапілі практычна ўвесь спектр спецыяльнасцей, які прапаноўвалі ВНУ. "У цэлым пералік спецыяльнасцей практычна не змяніўся, аднак шэраг універсітэтаў у новым навучальным годзе адкрые дзверы для абітурыентаў па новых спецыяльнасцях. Так, эканамічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта прымае абітурыентаў на новыя спецыяльнасці "эканоміка электроннага бізнесу" і "электронны маркетынг" з атрыманнем кваліфікацыі "эканаміст-праграміст" і "маркетолаг-праграміст" адпаведна. Таксама брэсцкая ВНУ адкрывае набор на "архітэктурны дызайн". Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт адкрывае набор на спецыяльнасць "вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій" з дзённай формай навучання. І гэта далёка не поўны пералік. ВНУ імкнуцца адкрываць новыя спецыяльнасці, якія адпавядаюць сучасным тэндэнцыям. У абітурыентаў усё больш перспектыў, куды паступаць", - праінфармавала Ірына Старовайтова.

Усяго ва ўстановы вышэйшай адукацыі рэспублікі запланавана прыняць 54,4 тыс. чалавек. У параўнанні з 2017 годам лічбы прыёму за кошт сродкаў бюджэту на юрыдычныя, кіраўніцкія і эканамічныя спецыяльнасці ва ўстановах вышэйшай адукацыі скарочаны на 10 працэнтаў. Адначасова павялічана на 2,2 працэнта колькасць бюджэтных месцаў на тэхнічныя і тэхналагічныя спецыяльнасці. Усяго за кошт сродкаў бюджэту ў гэтым годзе ў вочнай (дзённай, вячэрняй) і завочнай формах беларускія ВНУ плануюць прыняць 26,5 тыс. чалавек.

Ірына Старавойтава адзначыла, што правілы ўступнай кампаніі гэтага года істотна не змяніліся. "Значных змяненняў у заканадаўства не ўносілася. У той жа час кампанія 2018 года ўсе ж такі мае свае асаблівасці: уступіла ў сілу норма аб прызнанні вынікаў ЦТ сапраўднымі на працягу двух гадоў, уключаючы год праходжання тэсціравання; павялічана парогавае значэнне па ўсіх першых прадметах профільных іспытаў на 5 балаў; скарочаны пералік педспецыяльнасцей, пры паступленні на якія выпускнікі педкласаў залічваюцца па гутарцы. І апошняя навела датычыцца прыёму абітурыентаў на скарочаны тэрмін: пералік спецыяльнасцей сярэдняй спецыяльнай адукацыі пашыраны, што дае абітурыентам больш магчымасцей пры выбары траекторыі далейшага ўладкавання", - канстатавала яна.

"Для атрымання вышэйшай адукацыі будуць прыняты самыя падрыхтаваныя абітурыенты. Аднак не трэба забываць, што гэта толькі пачатак, паколькі пачаліся ўнутраныя ўступныя іспыты ў ВНУ: гэта закране тых, хто захацеў паступіць на творчыя, сельскагаспадарчыя, некаторыя філалагічныя спецыяльнасці, спецыяльнасці фізічнай культуры. Гэты этап завершыцца 24 ліпеня (26 - для творчых спецыяльнасцей). Залічэнне на бюджэт адбудзецца па 28 ліпеня. Акрамя таго, у сувязі з наяўнасцю вакантных бюджэтных месцаў залічэнне ў рамках дадатковага набору прадоўжыцца да 3 жніўня. Прыём дакументаў на платную форму прадоўжыцца па 4 жніўня. Залічэнне будзе ажыццяўляцца да 6 жніўня", - дадала Ірына Старавойтава.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі