Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 сакавіка 2018, 16:43

Міклашэвіч: канстытуцыйную культуру неабходна мэтанакіравана фарміраваць у грамадскай свядомасці

15 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Канстытуцыйную культуру неабходна мэтанакіравана фарміраваць у грамадскай свядомасці. Аб гэтым заявіў старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Пётр Міклашэвіч сёння на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Далейшае ўмацаванне канстытуцыйнай законнасці абумоўлівае развіццё канстытуцыйна арыентаванай правасвядомасці, заснаванай на глыбокім асэнсаванні і ўспрыманні каштоўнасцей і прынцыпаў Канстытуцыі. Безумоўна, канстытуцыйную культуру неабходна мэтанакіравана фарміраваць як у грамадскай свядомасці, так і ў службовых асоб дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць на канстытуцыйнай аснове прафесійную дзейнасць. Пры гэтым трэба ўлічваць, што праз рэалізацыю канстытуцыйных палажэнняў адбываецца станаўленне чалавека і грамадзяніна як актыўнага ўдзельніка канстытуцыйных праваадносін", - сказаў Пётр Міклашэвіч.

Пытанне фарміравання канстытуцыйна арыентаванай правасвядомасці ў сучасных умовах, канстытуцыяналізацыі права было адным з найбольш абмяркоўваемых на нарадзе ў Прэзідэнта. Яно разглядалася ў розных аспектах. Як з пункту гледжання ўдасканалення нарматыўна-прававой базы і паляпшэння ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі органамі, так і развіцця прававой культуры насельніцтва, актыўнага ўкаранення адпаведных праграм і методык у адукацыйны працэс на розных стадыях.

Пётр Міклашэвіч агучыў шэраг канкрэтных прапаноў па павышэнні эфектыўнасці канстытуцыйна-прававога рэгулявання з улікам еўрапейскіх і сусветных тэндэнцый. Канстытуцыйны кантроль у сучасных умовах ён назваў неад'емным інстытутам дэмакратычнага развіцця, устойлівасці дзяржаўнасці.

Абмяркоўвалася роля Канстытуцыйнага суда ў рабоце па ўстараненні ў нарматыўна-прававых актах прабелаў, выключэнні калізій і прававой нявызначанасці.

Адной з найбольш дыскусійных тэм стаў доступ грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя. Цяпер заканадаўча ўрэгуляваны парадак ускоснага доступу праз суб'екты, упаўнаважаныя звяртацца ў Канстытуцыйны суд з прапановамі аб праверцы нарматыўна-прававых актаў. Удзельнікі нарады падрабязна абмеркавалі і выказалі свае пункты гледжаня на прадмет таго, як актывізаваць гэту работу і зрабіць яе больш эфектыўнай.

На нарадзе была таксама закранута тэма міжнароднага супрацоўніцтва Канстытуцыйнага суда. Намеснік старшыні суда Наталля Карповіч звярнула ўвагу, што ў 2019 годзе будзе адзначацца чвэрцьвяковы юбілей Канстытуцыі і канстытуцыйнага правасуддзя Рэспублікі Беларусь. Прапанавана правесці міжнародную канферэнцыю, прысвечаную гэтай даце, з запрашэннем прадстаўнікоў замежных канстытуцыйных судоў і міжнародных арганізацый па канстытуцыйным правасуддзі. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву аб правядзенні такога форуму.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі