Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 верасня 2018, 10:42

Малашка патрабуе ад кіраўніцтва медустаноў прыняць папераджальныя меры па барацьбе з карупцыяй

12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр аховы здароўя Беларусі Валерый Малашка патрабуе ад кіраўнікоў медыцынскіх устаноў прыняць папераджальныя меры па барацьбе з карупцыяй. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з кіраўніцтвам упраўленняў аховы здароўя аблвыканкамаў, камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама і рэспубліканскіх медустаноў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр адзначыў, што кіраўнікам устаноў трэба прыняць папераджальныя кіраўніцкія рашэнні, у тым ліку правесці атэстацыю кадраў, паглядзець, наколькі якасна выконваецца антыкарупцыйнае заканадаўства, як працуюць адпаведныя камісіі.

Па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы кіраўніцтву сістэмы аховы здароўя ўжо да пачатку наступнага года неабходна кардынальна вырашыць усе выяўленыя праблемныя пытанні ў гэтай сферы. Прэзідэнт даў строгую ацэнку рабоце сістэмы аховы здароўя. У першую чаргу гэта звязана з шэрагам карупцыйных праяў, якія былі ў апошнія паўгода.

"Сапраўды, сістэма правядзення конкурсаў мае патрэбу ў мадэрнізацыі. Шмат у чым мы выпраўлялі сябе па ходу. Сістэма закупак стала больш празрыстай. Пасяджэнні камісіі трансліруюцца ў інтэрнэце. Мы запрашаем як вытворцаў медыцынскай тэхнікі і лекавых прэпаратаў, так і пастаўшчыкоў, раімся з грамадскасцю", - адзначыў міністр.

Паводле яго слоў, неабходна перагледзець фінансава-гаспадарчую дзейнасць. Вопытныя эканамісты ва ўстановах аховы здароўя павінны кантраляваць сярэднеўзважаныя цэны на набываемыя тэхніку і лекавыя прэпараты, кантраляваць парадак правядзення тых ці іншых працэдур. Новым кіраўнікам, у тым ліку прадпрыемстваў "Белмедтэхніка", "Белфармацыя", неабходна перагледзець, як арганізавана гэта работа, правесці перазагрузку.

Шмат нараканняў і па арганізацыі лячэбна-дыягнастычнага працэсу, дадаў міністр. У першую чаргу гэта зона адказнасці кіраўнікоў устаноў аховы здароўя. Абсталяванне не павінна прастойваць ні хвіліны. Неабходна аператыўна праводзіць замену, калі медыцынскі работнік адсутнічае па тых ці іншых прычынах. Пацыенту павінна быць своечасова аказана адэкватная дапамога, падкрэсліў Валерый Малашка. "Неабходна працаваць на папярэджанне і здымаць праблемныя пытанні ў плане даступнасці, калі такія ёсць у той ці іншай установе", - адзначыў міністр. Міністэрства аховы здароўя бярэ гэту сітуацыю на строгі кантроль. Трэба ўважліва ставіцца да людзей. Кіраўнікам варта перагледзець прыёмныя гадзіны, арганізаваць час так, каб у пацыентаў і іх сваякоў і раніцай, і вечарам была магчымасць звярнуцца да арганізатара лячэбна-дыягнастычнага працэсу канкрэтнай медустановы. Акрамя таго, міністр закрануў такую тэму, як важнасць прытрымлівання прыярытэтаў, якія вызначаны сістэмай аховы здароўя. У прыватнасці, ён нагадаў, што цяпер ідзе пераарыентацыя пярвічнага звяна на аказанне дапамогі па прынцыпе агульнаўрачэбнай практыкі. "Урач агульнай практыкі - гэта не проста змена назвы кабінета або наймення пасады, гэта змяненне ідэалогіі", - сказаў ён.

На сустрэчы міністр прадставіў новых кіраўнікоў: намесніка міністра аховы здароўя Барыса Андрасюка, гендырэктара вытворча-гандлёвага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белмедтэхніка" Мікалая Кудзеньчука і гендырэктара гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белфармацыя" Валянціну Ігнаценка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі