Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 жніўня 2017, 19:55

Маладыя педагогі гатовы прапанаваць нестандартныя ідэі для развіцця сістэмы адукацыі - Бузоўскі

29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Студэнты і маладыя педагогі гатовы прапанаваць свае ідэі, часам нестандартныя, якія могуць станоўча паўплываць на развіццё сістэмы адукацыі. Такі пункт гледжання выказаў сёння кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Ігар Бузоўскі ў час сустрэчы на раённай канферэнцыі педагагічных работнікаў са студэнтамі, якія вучацца на педагагічных спецыяльнасцях ВНУ, і маладымі спецыялістамі адукацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як растлумачыў Ігар Бузоўскі, падставай для правядзення мерапрыемства ў такім фармаце напярэдадні пачатку новага навучальнага года стаў пошук шляхоў развіцця сістэмы адукацыі. "Усе такія сустрэчы нацэлены на пошук новых форм і метадаў работы, на арганізацыю яе так, каб было проста і цікава рэалізоўваць задачы, якія сёння вызначаны ў адукацыі, - адзначыў ён. - Будучыя педагогі і маладыя спецыялісты, што прыйшлі ўжо на работу, гатовы прапанаваць нестандартныя рашэнні, якія не заўсёды могуць агучыць. Таму важна ўстанавіць кантакт, каб яны зразумелі, што можна звяртацца да кіраўніка адміністрацыі раёна, ва ўпраўленне адукацыі. Для нас такі кантакт - крыніца інфармацыі і магчымасць даведацца пра крыху іншы погляд на працэсы, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі".

У час сустрэчы былі абмеркаваны перспектывы развіцця адукацыі ў рамках асобна ўзятага раёна, горада і ўсёй краіны ў цэлым. У прыватнасці, закраналіся тэмы размеркавання выпускнікоў ВНУ, сістэмы ацэнкі ведаў вучняў і выстаўлення адзнак, напісання падручнікаў, рэпетытарства.

Ігар Бузоўскі таксама прыняў удзел у канферэнцыі педагагічных работнікаў Цэнтральнага раёна, якая адбылася ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Кантакт". Ён анансаваў стварэнне на базе цэнтра клуба маладых журналістаў, які будзе вырашаць шэраг задач у сістэме адукацыі, а таксама весці работу па інфармаванні насельніцтва аб падзеях, што адбываюцца ў раёне. Плануецца далейшае развіццё аналагічных інфапляцовак, дзейнасць якіх павінна адысці ад розных шаблонаў.

У час канферэнцыі была падкрэслена важнасць якаснай арганізацыі выхаваўчага працэсу. Абмяркоўваліся магчымыя навацыі ў гэтай рабоце, у тым ліку пашырэнне творчага і спартыўнага складнікаў. Удзельнікі мерапрыемства на інтэрактыўнай выстаўцы азнаёміліся з актуальнымі формамі работы з дзецьмі і навучэнскай моладдзю, а таксама наведалі экспазіцыю адукацыйных тэхналогій па павышэнні эфектыўнасці ўрокаў з прымяненнем сучасных метадаў навучання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі