Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 чэрвеня 2018, 19:15

Лепшых урачоў Беларусі па выніках 2017 года назвалі ў Мінску

14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лепшых урачоў Беларусі па выніках 2017 года назвалі ў Мінску. Урачыстая цырымонія прайшла сёння ў Палацы Рэспублікі напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Лепшых у сваёй прафесіі выбіралі ў пяці намінацыях. Загадчыца педыятрычнага ўчастковага аддзялення нумар 1 Бабруйскай гарадской дзіцячай паліклінікі нумар 1 Святлана Пракаповіч стала пераможцай у намінацыі "Урач-педыятр". Лепшы ўрач-тэрапеўт Ірэна Гарбацэвіч працуе ў паліклініцы Бярэзінскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Перамогі ў намінацыі "Урач-хірург" удастоены загадчык лабараторыі паталогіі суставаў і спартыўнай траўмы РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Мурзіч, у намінацыі "Урач-акушэр-гінеколаг" - намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Гарадскога клінічнага радзільнага дома нумар 2 Мінска Сяргей Васільеў. Лепшым урачом агульнай практыкі прызнана загадчыца Сянькоўшчынскай амбулаторыі Слонімскай ЦРБ Святлана Антончык. Таксама ўручаны дыпломы лаўрэатаў конкурсу I, II і III ступені.

Ганаровай граматай Міністэрства аховы здароўя ўзнагароджаны прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку карэспандэнт Беларускага тэлеграфнага агенцтва Святлана Васілеўская. Такой ацэнкі журналісты ўдастоены за плённую творчую дзейнасць, значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі па папулярызацыі здаровага ладу жыцця, усебаковае асвятленне медыцынскай тэматыкі.

З нагоды прафесійнага свята медработнікаў міністр аховы здароўя Валерый Малашка адзначыў: "У нашай рабоце няма выхадных і свят. Кожную хвіліну мы кваліфікавана аказваем медыцынскую дапамогу, дапамагаем нарадзіцца на свет і ратуем жыцці".

"Кіраўніцтва краіны высока цэніць працу кожнага з вас, таму дадзены даручэнні на павышэнне заработнай платы, стварэнне дастойных умоў працы. Забяспечана 100-працэнтнае выдзяленне дзяржаўнага фінансавання ўсіх дзяржпраграм", - сказаў міністр.

Сістэма аховы здароўя была і застаецца адной з самых важных галін сацыяльнай сферы. Паводле слоў міністра, ад зладжанай работы 40 тыс. урачоў і 115 тыс. спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй залежыць здароўе і жыццё кожнага чалавека. Практычнай ахове здароўя дапамагаюць амаль 400 дактароў і больш за 1,6 тыс. кандыдатаў навук.

Ад імя ўрада і сябе асабіста з прафесійным святам медработнікаў павіншаваў намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі