Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 жніўня 2019, 14:16

Лаўрыновіч: на звароты людзей неабходна адказваць канкрэтнымі справамі

20 жніўня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. На звароты аб праблемных сітуацыях важна адказваць не проста абяцаннямі, а канкрэтнымі справамі. Такое меркаванне сёння ў час прамой лініі ў Іўеўскім райвыканкаме выказаў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Звыш дзясятка пытанняў, большасць з якіх датычыліся добраўпарадкавання, жыллёвага будаўніцтва, функцыянавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі і стану дарог, паступіла на прамую лінію. Па шэрагу пытанняў дадзены канкрэтныя адказы, вырашэнне праблем па некаторых з іх будзе ўзята на кантроль.

"Улада на месцы павінна рабіць усё, каб згладзіць нязручнасці, стварыць камфортныя ўмовы для кожнага. Пры гэтым адказваць на звароты грамадзян трэба не гучнымі абяцаннямі, а канкрэтнымі справамі", - падкрэсліў Іван Лаўрыновіч. У большасці раёнаў Гродзенскай вобласці, як паказвае аналіз зваротаў на прамыя лініі, на пытанні рэагуюць належным чынам, імкнуцца ў кароткія тэрміны вырашыць праблему. Урэшце, варта ўлічваць, што там, дзе неабходны сур'ёзныя фінансавыя затраты, напрыклад, у будаўніцтве дарог або пракладцы камунікацый, неадкладнае выпраўленне сітуацыі немагчыма. Аднак пустых абяцанняў быць не павінна. Усё запланаванае неабходна рабіць у тэрмін, адзначыў Іван Лаўрыновіч.

У час прамой лініі паступіў зварот з боку шматдзетнай маці з пасёлка Юрацішкі. Сям'я будуе дом, жанчына цікавілася, ці мае яна права на субсідыі і дапамогу ў будаўніцтве. Яе запрасілі ў райвыканкам, спецыялісты акажуць неабходную прававую падтрымку. Асобна разгледзяць зварот жыхаркі вёскі Ганчары наконт набыцця ва ўласнасць службовага жылля ў адной з гаспадарак раёна.

Адразу некалькі зваротаў датычыліся будаўніцтва магазіна ў крокавай даступнасці ў раёне вуліцы Карла Маркса. Часцей за ўсё такія аб'екты ўзводзіць прыватны бізнес. У наступным годзе, як чакаецца, праблема будзе знята: адна з кампаній выкупіла на аўкцыёне ўчастак пад будаўніцтва менавіта прадуктовага магазіна.

Дадзена даручэнне з выездам на месца разабрацца з праблемамі ў электразабеспячэнні вёскі Бяжэмцы. Пры парывах ветру людзі вымушаны да прыезду рамонтнай брыгады заставацца без святла, сітуацыя паўтараецца рэгулярна. Тых, хто звярнуўся, дадаткова пракансультуюць па алгарытме дзеянняў для ўстаноўкі электрычнага абагравальнага катла: ён можа стаць якаснай альтэрнатывай газаваму або цвёрдапаліўным аналагам.

На кантроль возьмуць і праблему жыхароў вуліцы Кастрычніцкай у Іўі, якія просяць вырашыць пытанні з пракладкай водаправода. У 2020 годзе, адзначылі ў райвыканкаме, плануецца правесці ўсе неабходныя работы.

Канкрэтны адказ дадзены і на зварот жыхара вёскі Заберазь побач з трасай М6 Мінск-Гродна. Пасля рэканструкцыі галоўнай артэрыі рэгіёна было ліквідавана небяспечнае скрыжаванне, цяпер жа людзям даводзіцца ехаць у аб'езд на некалькі кіламетраў.

"Цяпер дадаткова пераглядаюцца скрыжаванні другарадных дарог з трасай у адной плоскасці: чатыры з іх - самыя небяспечныя - будуць закрыты. На жаль, на некаторых з іх адбыліся аварыі са смяротным канцом", - адзначыў Іван Лаўрыновіч. Ён падкрэсліў, што ў прыярытэце пры арганізацыі руху застаецца бяспека вадзіцеляў і пешаходаў, часам для гэтага даводзіцца ахвяраваць камфортам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі