Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 студзеня 2017, 15:46

КС лічыць неабходным выпрацаваць дзейсны механізм ацэнкі ўздзеяння законаў на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны

18 студзеня, Мінск /Святлана Васілеўская - БЕЛТА/. Канстытуцыйны суд (КС) лічыць неабходным на дзяржаўным узроўні выпрацаваць дзейсны механізм вывучэння і ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння заканадаўчых актаў на дасягненне мэт сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня КС Пётр Міклашэвіч пасля абвяшчэння заключнай часткі Паслання Канстытуцыйнага суда Прэзідэнту Беларусі і палатам Нацыянальнага сходу "Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2016 годзе", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Трэба выпрацаваць такую сістэму, пры якой пастаянна вывучалася б, у якой меры аказвае станоўчае або негатыўнае ўздзеянне прыняцце тых ці іншых норм. Пэўныя элементы ў гэтым напрамку ў нас ёсць, але неабходны сістэмны, дасканалы аналіз. Гэта будзе ўплываць на стабільнасць заканадаўства, упэўненасць грамадзян у тым, што прынятыя нормы будуць станоўча ўздзейнічаць на далейшае ўрэгуляванне тых ці іншых грамадскіх адносін", - сказаў Пётр Міклашэвіч.

У пасланні таксама звернута ўвага на неабходнасць выпрацоўкі новых падыходаў да кадыфікацыі, вызначыўшы крытэрыі, што рэгуляваць на ўзроўні законаў, а што - на ўзроўні падзаконных актаў.

Важнейшым індыкатарам забеспячэння вяршэнства права з'яўляецца стабільнасць і паслядоўнасць заканадаўства, гаворыцца ў дакуменце. Пры гэтым заканадаўчыя акты павінны быць здольныя адаптавацца да зменлівых абставін і новай сітуацыі ў сацыяльна-эканамічным развіцці, адпавядаць правамерным чаканням грамадзян, суб'ектаў праваадносін, адпавядаць прынцыпу прадказальнасці. Прыняцце заканадаўчых рашэнняў павінна грунтавацца на пачатках адкрытасці, транспарэнтнасці, даступнасці для абмеркавання, на ўсебаковым аналізе рэгулюючага ўздзеяння і ацэнкі наступстваў прыняцця прававых прадпісанняў.

У пасланні таксама адзначаецца, што для зацвярджэння вяршэнства права неабходна разумнае забеспячэнне сістэмнасці і комплекснасці прававога рэгулявання адносін у розных сферах жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы. Пры гэтым на ўзроўні законаў трэба пазбягаць празмернага прававога рэгулявання, залішняй дэталізацыі асобных палажэнняў і неапраўдана частай тэрміналагічнай карэкціроўкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі