19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Краіны АДКБ будуць удасканальваць падыходы да сістэмы калектыўнай бяспекі, паведаміў журналістам начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік міністра абароны Беларусі Алег Белаконеў пасля пасяджэння Ваеннага камітэта АДКБ у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пагрозы ваеннай бяспецы ў зоне адказнасці АДКБ маюць комплексны характар. Яны закранаюць палітычную, эканамічную, інфармацыйную і іншыя жыццёва важныя сферы дзейнасці дзяржаў арганізацыі. Гэта абумоўлівае неабходнасць падтрымання і ўдасканалення механізмаў забеспячэння міру і стабільнасці ў рэгіёнах калектыўнай бяспекі, інтэграцыйных працэсаў, а таксама практычнай рэалізацыі палітыкі дзяржаў - членаў АДКБ па падтрыманні і абароне калектыўных і ўласных нацыянальных інтарэсаў", - сказаў Алег Белаконеў.
Паводле слоў начальніка Аб'яднанага штаба АДКБ генерал-палкоўніка Анатоля Сідарава, узровень прадстаўніцтва на пасяджэнні даў магчымасць выпрацаваць канкрэтныя рашэнні і прапановы для Савета міністраў абароны, Савета калектыўнай бяспекі. "Мяне як начальніка Аб'яднанага штаба АДКБ радуе, што ўзнятыя пытанні знайшлі падтрымку, разуменне і будуць служыць умацаванню ваеннага складніка Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы", - сказаў Анатоль Сідараў.
На пасяджэнні Ваеннага камітэта АДКБ бакі абмеркавалі пытанні далейшага развіцця кааліцыйнага ваеннага будаўніцтва, што датычацца кіраўніцкай тэматыкі, сферы проціпаветранай і проціракетнай абароны, падрыхтоўкі кадраў, абазначылі шляхі вырашэння існуючых праблем.-0-